Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нут, ‑у, М нуце, м.

Аднагадовая або шматгадовая расліна сямейства бабовых, зерне якой ідзе ў ежу і на корм жывёле.

[Тат. нохут.]

нута́цыя, ‑і, ж.

Спец. Адна з форм хістання па восі цела, якое верціцца. Нутацыя артылерыйскага снарада.

[Лац. nutatio — хістанне.]

нутраны́, ‑ая, ‑ое.

1. Выняты з нутра якой‑н. жывёлы. Нутраное сала.

2. Разм. Які мае адносіны да нутра (у 1 знач.). Нутраныя хваробы. // Які ідзе як бы з нутра, з сярэдзіны; глухі. [Клава] засмяялася ціха, нутраным смехам. Мележ. Панізіўшы голас да шэ[пту], дзед Талаш нутраным крыкам, што ішоў з глыбіні набалелага сэрца, гаворыць далей. Колас.

3. перан. Разм. Які мае адносіны да нутра (у 3 знач.); які выражае душэўныя перажыванні. Там, дзе б’ецца пульс жыцця, — .. праяўляюцца новыя якасці нутранога свету чалавека-грамадзяніна, чалавека-барацьбіта. Хведаровіч. Анупрэй не мог супакоіцца ад нутраных папрокаў і затупаў па хаце. Гартны.

4. Разм. Змешчаны ўнутры чаго‑н., на ўнутраным баку чаго‑н. [Шыковіч] палез у нутраную кішэню пінжака і дастаў складзеныя лісты паперы. Шамякін. — Вось тут я цяпер, — адмыкаючы нутраны замок, з гонарам паведаміла .. [Макатрыха]. Кулакоўскі.

нутро́, ‑а, н.

1. Унутраныя органы чалавека або жывёлы; вантробы. [Максім] адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад,.. як абцугамі сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч.

2. Унутраная частка чаго‑н. Светлыя ніці пранізалі пыльнае цёмнае паветра, і хлопчык бачыў усё змрочнае нутро свайго памяшкання. Самуйлёнак. Нутро камяніцы завалена попелам, абгарэлымі бэлькамі, скінутымі з гары рэйкамі. Шынклер.

3. перан. Унутраная сутнасць каго‑н. Мяшчанскае нутро. □ На першы погляд Жлукта — Чарскі вельмі мілы, прывабны чалавек. Выдатная знешнасць, добрыя манеры. Гэтым ён некаторых спачатку і бярэ. Пазнаюць яго сапраўднае нутро толькі пазней. Сабалеўскі. Выгляд авечы, а нутро воўчае. Прыказка. // Пра ўнутраны псіхічны свет, душу. У Ніны апусціліся рукі. Сумленне тачыла яе нутро. Гроднеў.

•••

Заглянуць у нутро гл. заглянуць.

Не па нутру — быць не даспадобы.

Пераесці нутро гл. пераесці.

ну́трыевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нутрыі. // Зроблены з футра нутрыі. Нутрыевы каўнер.

ну́трыя, ‑і, ж.

Паўводная млекакормячая жывёліна атрада грызуноў з каштоўным футрам; балотны бабёр. // Футра гэтай жывёлы.

[Ісп. nutria.]

нутрэ́ц, ‑раца, м.

1. Анамалія ў развіцці палавых органаў у самцоў жывёлы, якая вядзе да бясплоднасці.

2. Самец жывёлы, які мае гэтую хваробу.