Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ну́мар, ‑а, м.

1. Парадкавы лік прадмета ў радзе яму падобных. Нумар аблігацыі. □ Кудзіны займалі кватэру нумар два. Хадкевіч. Лугавец падышоў да тэлефона, назваў нумар. Краўчанка.

2. Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку. Апошні нумар часопіса. □ Вялікую радасць перажыў Лабановіч, калі яму прыслалі першы нумар першай беларускай газеты. Колас.

3. Жэтон, планка, ярлык і пад. з адбіткам або малюнкам лічбы. Цяпер.. [Вера] павінна была прыходзіць раней за ўсіх, выносіць з будкі дошку з жэтонамі, і рабочыя, прыходзячы на работу, здымалі кожны свой нумар. Мікуліч. Падвешаны над брамаю нумар паказваў на дом, у якім жыла Ганна. Гартны.

4. Размер адзення, абутку і інш. Трыццаты нумар нітак. □ [Гаспадар:] — У чаравіках толькі па бруку шпацыраваць. Які вы нумар носіце? Новікаў.

5. Асобны пакой у гасцініцы, лазні і пад. Акно шырока раскрыта, а ў нумары [гасцініцы] душна і горача. В. Вольскі.

6. Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і пад.). З вольнымі нумарамі выступалі Ліда і Наташа Гоман. Шамякін. Перад самым пачаткам у партэры прайшлі чуткі, што ў праграме канцэрта ёсць вельмі цікавы нумар. Самуйлёнак.

7. перан. Разм. Які‑н. нечаканы, дзіўны ўчынак. Няўжо.. Габрусь здольны выкінуць такі нумар? Шынклер.

8. Баец гарматнага, кулямётнага і пад. разліку. Першы нумар разліку, малады сілезскі шахцёр Ян Філец, — найлепшы кулямётчык батальёна. Брыль.

[Ад лац. numerus — лік.]

нумарава́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для нумарацыі (у 1 знач.). Нумаравальны апарат.

нумарава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нумараваць.

нумарава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад нумараваць.

2. у знач. прым. Абазначаны лічбай, нумарам. Нумараванае месца.

нумарава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да нумараваць.

нумарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Значыць лічбамі, ставіць на чым‑н. нумары ў паслядоўным парадку.

нумара́тар, ‑а, м.

1. Апарат для нумаравання (аблігацый, білетаў, квітанцый і пад.).

2. Прыстасаванне пры электрычным званку, якое паказвае нумары месц, адкуль падаецца званок (напрыклад у гасцініцы).

[Ад лац. numerator — лічыльнік.]

нумарацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нумарацыі.

нумара́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нумараваць. Нумарацыя старонак.

2. Лічбавае абазначэнне прадметаў, якія змяшчаюцца ў паслядоўным парадку. [Валя] хвалявалася, паднімаючыся на крутых ўсходах і прыглядаючыся да нумарацыі кватэр. Чорны.

3. Сукупнасць прыёмаў называння і абазначэння лікаў; сістэма злічэння. Дзесятковая нумарацыя.

[Лац. numeratio.]

нумарны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да нумара, мае нумар. Нумарны знак. □ Нумарны ліхтарык [дома] яшчэ не гарэў, але нумар быў зусім чытэльны. Чорны.

2. Які значыцца пад умоўным нумарам, шыфрам; сакрэтны. Нумарны завод. Нумарны інстытут. Нумарны праект.