нутро, ‑а, н.
1. Унутраныя органы чалавека або жывёлы; вантробы. [Максім] адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад,.. як абцугамі сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч.
2. Унутраная частка чаго‑н. Светлыя ніці пранізалі пыльнае цёмнае паветра, і хлопчык бачыў усё змрочнае нутро свайго памяшкання. Самуйлёнак. Нутро камяніцы завалена попелам, абгарэлымі бэлькамі, скінутымі з гары рэйкамі. Шынклер.
3. перан. Унутраная сутнасць каго‑н. Мяшчанскае нутро. ▪ На першы погляд Жлукта — Чарскі вельмі мілы, прывабны чалавек. Выдатная знешнасць, добрыя манеры. Гэтым ён некаторых спачатку і бярэ. Пазнаюць яго сапраўднае нутро толькі пазней. Сабалеўскі. Выгляд авечы, а нутро воўчае. Прыказка. // Пра ўнутраны псіхічны свет, душу. У Ніны апусціліся рукі. Сумленне тачыла яе нутро. Гроднеў.
•••
Заглянуць у нутро гл. заглянуць.
Не па нутру — быць не даспадобы.
Пераесці нутро гл. пераесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)