аўча́р, ‑а, м.
Чалавек, які даглядае авечак; авечы пастух.
аўча́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Парода дужых сабак, якія выкарыстоўваюцца для аховы жывёлы на пашы, для каравульнай службы. Я ведаў, што фашысты схапілі яго маці, вывелі ў поле і напусцілі цэлую гайню здаравенных раз’юшаных аўчарак. Янкоўскі.
аўча́рня, ‑і; Р мн. ‑рань; ж.
Авечы хлеў. Калгасная аўчарня.
аўчы́на, ‑ы, ж.
Вырабленая авечая шкура. Шапка з аўчыны. // Разм. Кажух. Чуў увосень ён выццё ваўчынае, А вясной — паводак срэбны звон. Ляжа спаць, укрыецца аўчынаю, — Ад самотных дум знікае сон. Панчанка.
аўчы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш. да аўчына.
•••
Аўчынка вырабу не варта — аб справе, якая не апраўдвае клопату.
Неба з аўчынку здалося гл. неба.
Перабраўся воўк у аўчынку гл. перабрацца.
аўчы́ннік, ‑а, м.
Майстар, які вырабляе аўчыны.
аўчы́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да аўчыны. Аўчыннае прадпрыемства. // Зроблены з аўчыны. Аўчынная шапка.