Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аўдаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў удаўцом (удавой). Аўдавелы мужчына.

аўдаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць удаўцом або ўдавой. Ніна, як і Люба, за вайну аўдавела, засталася адна з двума дзецьмі. Васілевіч. Апошнімі гадамі Вялічка аўдавеў і жыў з адным толькі сваім хлопцам. Чорны.

аўдо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Начная птушка атрада сеўцападобных з шэра-пясчаным апярэннем, якая сустракаецца на поўдні Беларусі.

2. Абл. Назва невялікай азёрнай рыбкі; род дробнай плоткі.

аўдые́нцыя, ‑і, ж.

Высок. і іран. Афіцыйны прыём у высокапастаўленай асобы. — Ну добра.., — урачыста абвясціў Вейс, узняўшыся ў крэсле, каб паказаць, што аўдыенцыя канчаецца. Лынькоў. — Прыходзь жа сюды не пазней трох дзён, раскажаш нам, што здабудзеш за гэты час. Апознішся, то можа мяне не застанеш тут. — На гэтым і скончыў дзед Талаш сваю аўдыенцыю. Колас.

[Лац. audientia — слуханне, выслухванне.]

аўдыто́рыя, ‑і, ж.

1. Памяшканне, прызначанае для чытання лекцый, дакладаў. Сцёпка ўвайшоў у аўдыторыю, дзе прымалі экзамены па матэматыцы. Колас. Гэта была вялізная, чалавек на сто, аўдыторыя з чорнай дошкай ля дзвярэй. Кудравец.

2. зб. Слухачы лекцыі, даклада, прамовы і пад. Дзіцячая аўдыторыя. □ Калі зала запоўнілася слухачамі, .. [Пілацееў] прыйшоў і адразу стаў каля трыбуны, пакланіўшыся аўдыторыі. Галавач. З прычыны таго, што .. аўдыторыя [дзеда Талаша] складаецца з аднаго толькі слухача, а часу ў яго няма, бо падыходзіць начальнік заставы, дзед абмяжоўваецца кароткім адказам. Колас.

[Лац. auditorium.]