Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ашча́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. ашчаджаць і ашчаджацца.

ашча́дак, ‑дку, м.

Разм. Грошы і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці як прадмет або вынік ашчады. Ніякага ранейшага ашчадку ў Бычыхі не было, а спраўляе яна сякія-такія строі дачцэ і сыну за іншыя грошы. Кулакоўскі.

ашчаджа́цца, ‑аецца; незак.

1. Эканомна, з асцярогаю выдаткоўваць. Напэўна, ні адна беражлівая гаспадыня не ашчаджаецца так, як ашчаджаліся нашы лесарубы. Пальчэўскі.

2. Зал. да ашчаджаць.

ашчаджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Эканомна, з асцярогаю выдаткоўваць; захоўваць. Усё ж выдаткі на будаўніцтва былі выдаткамі: як ні ашчаджаў Бабейка, як ні выкручваўся, эканомячы, дзе можна, а грошы цяклі, нібы праз пальцы. Хадкевіч.

2. перан. Берагчы, ахоўваць. [Маці] павінна была пільнаваць, ашчаджаць [Міколку] сон. Сабаленка.

ашчадка́са, ‑ы, ж.

Ашчадная каса. Захоўваць грошы ў ашчадкасе.

ашчадкні́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Ашчадная кніжка. Пакласці грошы на ашчадкніжку.

ашча́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ашчадлівага.

ашча́длівы, ‑ая, ‑ае.

Якому ўласціва ашчадлівасць; эканомны.

ашча́дна, прысл.

З ашчаднасцю, беражліва; эканомна. Я .. хацеў зірнуць праз вагоннае акно на знаёмыя месцы, а пасля выйсці на перон станцыі, з імем якой так багата звязана таго, што я ашчадна нашу ў сваёй памяці. Галавач. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілу, мерным спрактыкаваным рухам вадзіў.. [Васіль] касою. Мележ.

ашча́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ашчаднага (у 1 знач.). Трохі сагнуўшы спіну, вясёла хадзіў дзед па раллі, клапатліва рассыпаў зерне, як некалі даўно, уперад — з такой ашчаднасцю і гаспадарлівасцю. Каваль.