задзярно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да задзернаваць.
задзяўба́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад задзяўбаць 1.
задзяўба́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Тое, што і задзяўбці 1.
задзяўба́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Тое, што і задзяўбці 2.
задзяўбці́ 1, ‑дзяўбу, ‑дзяўбеш, ‑дзяўбе; ‑дзяўбём, ‑дзеўбяце, ‑дзяўбуць; пр. задзёўб, ‑дзяўбла, ‑ло; зак., каго.
1. Забіць, прыбіць ўдарамі дзюбы. Каршун задзёўб курыцу. □ — Так, вось так! Так, вось так! — Завіхаецца шпак. — Фі-у-чы! Фі-у-чы! Задзяўбу і вас, хрушчы! Шушкевіч.
2. перан. Разм. Даняць нападкамі, папрокамі. — [З дзяўчатамі], браце, трэба смелым быць, каб яны над сабой тваю сілу пачулі. Інакш — задзяўбуць, свавольніцы... Машара.
задзяўбці́ 2, ‑дзяўбу, ‑дзяўбеш, ‑дзяўбе; ‑дзяўбём, ‑дзеўбяце, ‑дзяўбуць; пр. задзёўб; ‑дзяўбла, ‑ло; зак.
Пачаць дзяўбці.
задля́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Абл. Надоўга затрымацца дзе‑н. (загаварыўшыся або па іншых прычынах). — А няхай яго... Задлякаўся ды прасядзеў цэлы адвячорак, — сказаў Баранок, беручы плуг. Крапіва.
задне...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «задні», напрыклад: заднепаднябенны, заднепраходны, заднеязычны.
задне́цца, ‑еецца; безас. зак.
Разм. Тое, што і заднець. Як заднелася, Развіднелася І ўзышла на ўсходзе зара, Сцягі рдзеліся, Песні пеліся. Гурло.
задне́ць, ‑ее; безас. зак.
Пра надыход світання. Калі ж заднела, Заўважыў Калістрат суседа Янука. Корбан.
заднеязы́чны, ‑ая, ‑ае.
Які ўтвараецца пад’ёмам задняй часткі спінкі языка да мяккага паднябення (пра гукі).
за́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца ззаду проціл. пярэдні. Заднія ногі каня. Задняе кола. □ Коля з Мішам занялі месцы на задні лаўцы. Якімовіч. // у знач. наз. за́дні, ‑яга, і за́дняя, ‑яй, ж. Пра чалавека, які рухаецца; стаіць і пад. ззаду за кім‑, чым‑н. Увагу Дзмітрыя прыцягнуў натоўп каля пакгаўза. Заднія ўзнімаліся на дыбачкі, выцягвалі шыі, падскоквалі. Беразняк.
2. Накіраваны назад (пра напрамак руху). Шафёр развярнуўся і заднім ходам падаў машыну да самых дзвярэй. Пальчэўскі.
•••
Задні праход гл. праход.
Адысці на задні план гл. адысці.
Без усякай задняй думкі гл. думка.
Даць задні ход гл. даць.
Заднім днём гл. дзень.
Заднім розумам моцны гл. моцны.
Ляжаць без задніх ног гл. ляжаць.
Спаць без задніх ног гл. спаць.
Хадзіць (стаяць) на задніх лапках гл. хадзіць.