Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пракаўтну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Абл. Праглынуць. О, які смачны быў той крупнік! Сабастыян зараз успомніў і аж сліну пракаўтнуў. Сабаленка. Іван Сямёнавіч падышоў да магілы, намерыўся нешта сказаць, але не змог. Толькі пракаўтнуў даўкі камяк у горле і яшчэ ніжэй апусціў сівую галаву. Курто.

пракаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Коцячыся, перамясціцца куды‑н. Мяч пракаціўся два метры. □ Сляза радаснай узбуджанасці пракацілася па.. твары. Кавалёў. // перан. Раздацца, разнесціся (пра раскацістыя гукі). Над самаю страхою пракаціўся гром. Грахоўскі. Гул абурэння пракаціўся па зале і сціх. Лынькоў.

2. Праехацца, з’ездзіць (для забавы, пацехі) куды‑н. — Вось пракаціўся — лепш, як на аўтобусе, — смяецца Драбак і паказвае цэлы рад белых зубоў. Колас. Любілі калісь паны, запрогшы тройку, пракаціцца па шляху ў вясеннюю раніцу альбо вечарам. Галавач.

пракаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.

1. што. Коцячы, перамясціць. Пракаціць бочку. Пракаціць воз.

2. каго. Правезці каго‑н., каб зрабіць прыемнасць. [Конюх:] — Летам, калі ў пана Булыгі будуць імяніны, я цябе ў яго брычцы пракачу. Бажко.

3. Хутка праехаць. Шмат хто пакланіўся пану, які на стаенным жарабцы пракаціў па вёсцы да старасты... Чарот.

4. перан.; каго. Разм. Адхіліць, адвесці на выбарах, не выбраць куды‑н. — Што здарылася? Мяне пракацілі... Не выбралі... Вось што здарылася... Шамякін.

•••

Пракаціць на вараных — забалаціраваць, праваліць каго‑н. на выбарах (накідаўшы чорных шароў).

пракача́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пракачаць.

пракача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгладзіцца качалкай, качалкамі. Бялізна добра пракачалася.

2. Правесці які‑н. час лежачы, качаючыся. Але толькі пасля таго, як.. [Мікола] паўгадзіны пракачаўся ў ложку, зразумеў, што заснуць не зможа. Гаўрылкін. // Разм. Праляжаць доўгі час хворым.

пракача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Разгладзіць качалкай, качалкамі. Пракачаць бялізну.

2. Качаць некаторы час (гл. качаць у 4 знач.).

прака́шлівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да пракашляцца.

прака́шліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пракашляць (у 1, 2 знач.).

прака́шляцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Прачысціць горла кашлем; адкашляцца. Варухнулася ў .. [Версана] на гарляку вострая бугрынка, нібы каўтнуў даўкі камяк, пракашляўся. Місько.

прака́шляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Абазвацца кашлем, закашляць.

2. што. Кашляючы, ачысціць горла ад чаго‑н.

3. Кашляць некаторы час. Пракашляць усю ноч.