прыме́жны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца, размяшчаецца каля мяжы. Прымежная вёска. □ [Гарадок] круглыя суткі ў любую пару года жыве напружана-баявым жыццём, і кожны кавалачак прымежнай зямлі — .. знаходзіцца пад няспынным наглядам. Хадкевіч.
прыме́ншаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыменшыць.
прыме́ншыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.
Разм. Зрабіць трохі меншым.
прыме́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прымераць.
прыме́рацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Вызначыць сваю адпаведнасць з кім‑, чым‑н. (па якіх‑н. якасцях, асаблівасцях). Затым .. [Фішар] прымераўся да глыбіні — бруствер яшчэ не дасягаў і грудзей. Быкаў. [Архіп Спірыдонавіч] парашыў паглядзець, як .. [сыны] жывуць, нават неяк прымерацца да іх жыцця. «Маладосць».
2. Разм. Прыстасавацца, прызвычаіцца да чаго‑н. Да крокаў тваіх я імкнуўся прымерацца, Наперад не лезучы гвалтам. Панчанка. [Кручанюк] патроху звыкся са сваёю славаю, добра прымераўся да розных трыбун і пачынаў ужо адчуваць сябе незаменным чалавекам для грамадства. Ваданосаў.
прыме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.
Надзець, прыкласці для вызначэння адпаведнасці (па памеру, колеру і пад.). Прымераць боты. Прымераць сукенку. □ — Ніякі дурань не дагадаўся б падняць на дуб вала, каб там прымераць, ці выйдзе з дуба ярмо. Чарнышэвіч. [Платон] прысеў прымераць цвікі — ці добра яны будуць. Ракітны. // Рашыць, прыкінуць. Мы з жонкай даўно прымералі: будзе хлопец — значыць, Якуб, а калі дзяўчына — назавём іменем вашай маці. Лужанін.
прыме́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаецца, служыць для прымеркі. Прымерачная кабіна. // у знач. наз. прыме́рачная, ‑ай, ж. Пакой, памяшканне для прымеркі. Сваіх пакупнікоў я абслугоўваў ветліва і культурна. Асабліва мужчын. Я па некалькі разоў вадзіў іх у прымерачную, круціў перад люстэркам. Нядзведскі.
прыме́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прымерваць — прымераць і прымервацца — прымерацца.
прыме́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прымерацца.
2. Зал. да прымерваць.
прыме́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прымераць.