прыма́с, ‑а, м.
У каталіцкай і англіканскай цэрквах — тытул галоўных епіскапаў.
[Ад лац. primas — галоўная асоба, галоўны.]
прымасці́цца, ‑машчуся, ‑мосцішся, ‑мосціцца; зак.
Разм. Размясціцца, уладкавацца дзе‑н. (звычайна ў нязручным месцы). Дзве маладзейшыя выхавальніцы .. прымасціліся на адной табурэтцы ля цёплай грубкі і таксама аб нечым гаварылі, час ад часу паглядаючы на дырэктара. Нядзведскі. Побач з .. [Якубовічам] сядзелі Паходня і Зося Валынец, а далей каля агню прымасціліся — хто на карчы, хто на падасланым сене — Кузёмка Дзерах, чарнавусы Марцін. Хадкевіч. Госці ўжо сядзелі за сталом.. [Вара] прымасцілася на самым разу. Дуброўскі. / у вобразным ужыв. Па суседству з дубам, між кустоў чаромхі, прымасцілася сасонка. Пальчэўскі. Ля вежы прымасцілася невялічкая драўляная будыніна. Гаўрылкін.
прымасці́ць, ‑машчу, ‑мосціш, ‑мосціць; зак., што.
Разм. Размясціць дзе‑н., пакласці, паставіць каля чаго‑н., да чаго‑н. (звычайна з цяжкасцю, у нязручным месцы). Падняўшы верхнюю лаўку, .. [жанчына] паклала на яе чамадан, потым узяла рэчы .. і прымасціла іх у кутку на ніжняй лаўцы. Ракітны. [Ластаўка] трымала ў дзюбцы саломінку і ніяк не здагадвалася, куды зручней яе прымасціць. Васілевіч.
прыма́т, ‑у, М ‑маце, м.
Кніжн. Перавага, найважнейшае значэнне; першаснасць. У поглядах на літаратуру М. Піятуховіч выходзіў з сацыялагічнага разумення творчай дзейнасці мастака, з прымату сацыяльна-эканамічных, гістарычных фактараў. Мушынскі. Загаловак «Песня кулікоў» на першы погляд аддае прымат мары над рэальнасцю. У. Калеснік. З Драздом пайшла Варона на заклад, Што лепш спяе, што лепшы голас мае, Што першы прыз бясспрэчна атрымае, Бо тут, маўляў, яе прымат. Валасевіч.
[Ад лац. primatus — першае месца, старшынство.]
прыматало́гія, ‑і, ж.
Раздзел заалогіі, які вывучае прыматаў.
прымата́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыматаць.
прымата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
1. Прымацаваць што‑н. да чаго‑н. ніткамі, дротам і пад.
2. Дадаць, наматаўшы яшчэ. Прыматаць нітак да клубка.
прыма́ты, ‑аў; адз. няма.
Атрад найбольш высокаарганізаваных млекакормячых (паўмалпы і малпы).
[Лац. primates.]
пры́маўка, ‑і, ДМ ‑маўцы; Р мн. ‑мавак; ж.
1. Агульнавядомы ўстойлівы выраз, звычайна вобразны, які адрозніваецца ад прыказкі тым, што не з’яўляецца закончаным суджэннем і звычайна не мае павучальнага зместу. Вандруючы па беларускіх землях, Федароўскі адразу заўважыў, што ў мове беларусаў вельмі часта сустракаюцца дасціпныя слоўцы, яркія прыказкі, прымаўкі, мудрыя выслоўі. Саламевіч. [Бародзіч:] — У нас нават прымаўка пайшла ў народзе: шавец заўсёды без ботаў. Чорны.
2. Фраза, словы, якія часта кім‑н. паўтараюцца; прыгаворка. Любімай прымаўкай кожнага стычынца было: «Барані божа!». Яны ўсе ўжывалі яе калі трэба і калі не трэба. Чарнышэвіч. — Далі прыкурыць немцам як належыць, — скончыў капітан прымаўкай камбрыга. Мележ.
прымаўка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прымоўкнуць.