тыражава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак. і незак., што.
Спец.
1. Устанавіць (устанаўліваць) тыраж кнігі, газеты і пад.
2. Рабіць неабходную колькасць копій (кінастужкі, пласцінкі і пад.).
тыра́жны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тыражу 1. Тыражная табліца. // Прызначаны для правядзення тыражу. Тыражны апарат.
тыра́жны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тыражу 2. Тыражны экземпляр.
тыра́н, ‑а, м.
1. Аднаасобны правіцель у Старажытнай Грэцыі, Рыме і гарадах-рэспубліках Італіі 13–16 стст., які захапіў уладу сілай.
2. Правіцель, улада якога заснавана на дэспатызме і гвалце. Капайце яму, далакопы, Каб у яе халодны жвір Упаў павек тыран Еўропы, Крывавы прывід і вампір! Колас. Наступіла вясна для народа, які перанёс цяжкае рабства турэцкіх заваёўнікаў і жорсткасць фашысцкіх тыранаў. «Беларусь». // Прыгнятальнік. Зашумеў лес разгуканы, Нівы задрыжалі. Задрыжалі і тыраны, Што бяду стваралі. Купала. Аддайце мне волю, тыраны, а не — дык вазьму яе сам. Таўлай.
3. перан. Жорсткі, дэспатычны чалавек, які здзекуецца з каго‑н., прычыняе мукі каму‑н. [Клава] гарэла нянавісцю да свайго айчыма Сёмкі Фартушніка — скнары і хатняга тырана, які ператварыў жыццё яе маці ў пакуту, які за грошы прадаваў нават уласную жонку. Кудраўцаў.
[Грэч. tyrannos.]
тыра́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.
1. Праяўляць дэспатызм, жорсткасць у адносінах да каго‑н. Фашызм, які тыраніў Польшчу столькі год, больш сюды не вернецца. Пестрак.
2. Здзекавацца з каго‑н., мучыць каго‑н., прыгнятаць. — Я тыраню маці ўдзень і ўночы .. з-за майго кашлю маці пакутуе больш за мяне. Бядуля. [Іван:] — Я тыраніў цябе, Оля? Шамякін.
тырані́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тырана. Тыранічная ўлада.
2. перан. Жорсткі, дэспатычны, самаўпраўны.
тырані́я, ‑і, ж.
1. У Старажытнай Грэцыі — праўленне, заснаванае на неабмежаванай аднаасобнай уладзе тырана (у 1 знач.). Апалінарый Феакціставіч расказваў пра Авідзія, пра яго .. нянавісць да тырана. «Полымя».
2. Праўленне, улада, заснаваная на самавольстве і дэспатызме. Многія гады, жыццё цэлага пакалення аддзяляюць нас ад вялікай перамогі, якая выратавала чалавецтва ад жахаў гітлераўскай тыраніі. «Помнікі».
3. перан. Дэспатызм, жорсткасць у адносінах да каго‑н.
[Грэч. tyrannis.]
тыра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да тыран (у 3 знач.).
тыра́нскі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да тырана, уласцівы тырану; жорсткі.
тыра́нства, ‑а, н.
1. Паводзіны, учынкі тырана (у 2 знач.). Тыранства памешчыкаў.
2. Дэспатызм, жорсткасць. Франс дазваляў апекавацца над сабою, пакуль у яго самога яшчэ няма гэтага беспамылковага інстынкту адрозніваць ману і праўду, чужое і патрэбнае, смецце і золата, тыранства, прыкрытае прыгожымі словамі, і яснае разуменне таго, што такое свет і якое месца займаеш у ім ты. Караткевіч.
тыра́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.
Разм. Прыгнятаць, мучыць каго‑н.