нізкасо́ртнасць, ‑і, ж.
Якасць і ўласцівасць нізкасортнага.
нізкасо́ртны, ‑ая, ‑ае.
Нізкага сорту, нізкай якасці. Нізкасортны тавар. □ За месяц-паўтара прамяты быў увесь лён. Ільновалакно аказалася нізкасортным. Лён перамок... Барашка.
нізкаство́лы, ‑ая, ‑ае.
Які мае невысокі ствол (пра дрэвы, расліны).
нізкаўраджа́йны, ‑ая, ‑ае.
Які дае нізкі ўраджай. Нізкаўраджайны сорт пшаніцы.
нізкачасто́тны, ‑ая, ‑ае.
Які характарызуецца нізкай частатой (хістанняў).
нізкая́касны, ‑ая, ‑ае.
Які мае нізкую якасць. Нізкаякасныя прадукты.
ні́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае невялікую працягласць знізу ўверх; малы па вышыні; проціл. высокі. Нізкі рост. □ Цёмныя, нізкія хаты пад саламянымі стрэхамі яшчэ ніжэй туліліся да зямлі. Колас. Злева, за светла-сіняй стужкай Ціхай Лані, узвышаліся парослыя нізкім хмызняком узгоркі. Шашкоў. // Які знаходзіцца на невялікай адлегласці ад зямлі, якога‑н. узроўню. У ветраны дзень часцей бываюць нізкія воблакі. Грамовіч. У доме некалькі пакояў з нізкаю стол[л]ю. Чорны. // Які знаходзіцца ніжэй акаляючай мясцовасці. Хатка стаяла на самым канцы мястэчка на нізкім месцы. Бядуля.
2. Які не дасягнуў звычайнай сярэдняй нормы, пэўнага ўзроўню. Нізкая тэмпература. Нізкая цана. // Які не дасягнуў значная ступені развіцця. Нізкая кваліфікацыя. Нізкая культура. // Разм. Які займае нязначнае службовае становішча. Нізкая пасада.
3. Дрэнны па якасці або наогул дрэнны. Нізкі сорт паперы.
4. перан. Подлы, ганебны. Нізкі ўчынак. □ [Гушчын:] — Падхалім — гэта самы нізкі і самы страшны чалавек. Гурскі.
5. У класавым грамадстве — які не належыць да правячых колаў. Нізкае паходжанне.
6. Уст. Вельмі просты, не ўрачысты, не прыняты ў літаратуры (пра стыль мовы).
7. Невялікай вышыні (пра гукі, голас і пад.). Нізкі голас Васілісы гучыць мяккім пералівам. Васілевіч. Каля клуба, відаць, на ганку, нехта прайшоўся па нізкіх ладах баяна. Ракітны.
нізо́ўе, ‑я, н.
Ніжняя частка цячэння ракі з навакольнай мясцовасцю. Сотні плытоў плывуць у нізоўе. Ваданосаў. Вада ў.. [Дзвіне] была няроўная, у грывастых закрутках хваль — з нізоўя дзьмуў вецер. Савіцкі.
нікагу́сенькі, займ.
Разм. Узмацняльная форма да нікога. Мы крочылі па пясчаным раздоллі і нікагусенькі не баяліся! Лось.