ляно́к 2, ‑нка, м.
Прэснаводная рыба сямейства ласасёвых.
ляно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
1. Адсутнасць жадання працаваць, рабіць што‑н., займацца чым‑н. Пра бацьку ў вёсцы казалі, што праз ляноту сваю ён жыў у недагледжанай хаце. М. Стральцоў. // Стан вяласці, санлівасці. Лёнька аж прыжмурыў вочы: прыемна грэла ў спіну, цяпло расходзілася па целе і на ўсяго яго стала нагортвацца такая млявасць і нейкая лянота, што хоць пальцам не варушы. Капыловіч.
2. у знач. вык., каму з інф. Разм. Не хочацца, няма ахвоты. [Бондар:] — Ты далікатны! Так і выкіроўваеш, каб на баку паляжаць. Да таго ж лянота думаць... Гурскі.
ляны́, ‑ая, ‑ое.
Разм. Тое, што і лянівы. Ляныя валы паціху ідуць уперадзе сахі, бароняцца хвастамі ад аваднёў і мух, махаюць галовамі, аж ярмо рыпіць. Галавач. Бацька чамусьці аціх, ён нават пугай не пакручвае ўжо на коней, і яны ідуць павольнай ляною паходкай. Сабаленка. З дубровы дзьмуў ляны ветрык. Алешка.
ляп, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова ляпнуць.
ля́па, ‑ы, ж.
1. Рот звера, рыбы; пашча. Перапалоханы галасамі людзей, .. [звер] уцякаў з адкрытай ляпай, высунуўшы доўгі язык. «Звязда». // Груб. Пра рот чалавека. — Чаго яна [Старавойціха] ляпу сваю разявіла? — .. сказаў Харытон. Баранавых.
2. перан. Цёмнае, адкрытае паглыбленне ў чым‑н. Наверсе стары Тодарчык ці сама Волька Янкава кідаюць снапы ў барабан — у чорную ляпу малатарні. Пташнікаў.
ля́панне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. ляпаць (у 1, 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. [Наталлю Пятроўну] раптам пачало раздражняць выццё ветру, ляпанне аканіц і манатонны нудны скрып за акном. Шамякін.
ля́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. З шумам падаць на што‑н., ударацца аб што‑н. Ляпацца аб лёд.
2. Пырскацца, кідацца чым‑н. ліпкім. Ляпацца граззю.
ля́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць рэзкі стук, шум пры ўдарах, штуршках; удараць з ляскам. Ляпаць малатком. □ Ляпалі вароты, бразджалі вёдры ля студні, гаманілі жанчыны. Пташнікаў. Гудзелі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.
2. Біць, удараць па чым‑н. з шумам. Майстар па-бацькоўску ляпаў хлопца па плячах і супакойваў: — Не трэба спяшацца. Даніленка.
3. што. Кідаць што‑н. густое, ліпкае. Ляпаць цеста на патэльню.
4. перан.; што і без дап. Гаварыць што‑н. неабдумана, нетактоўна. — А ты падрыхтуй прамоўцаў да сходу, — параіў Ляшчэня. — Каб абы-хто там усякае лухты языком не ляпаў. Хадкевіч.
ля́піс, ‑у, м.
Крышталічны парашок або камень, які выкарыстоўваецца ў медыцыне як процізапаленчы сродак, для прыпякання.
[Ад лац. lapis — камень.]
ля́пісны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ляпісу.