празімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.
Правесці дзе‑н. зіму; перазімаваць. Празімаваць у старой хаце.
празме́рна, прысл.
Занадта, залішне. Быў.. [Канькоў] у новым гарнітуры, чыста паголены, празмерна ўзбуджаны і вясёлы. Асіпенка. Лясны жыхар, каб не пажыць бяды, Як правіла, празмерна асцярожны. Корбан.
празме́рны, ‑ая, ‑ае.
Які перавышае меру, вельмі вялікі па сіле, ступені праяўлення. Аднак Саша не паддаваўся на хітрасць, не праяўляў празмернай цікаўнасці. Новікаў. Кахаў .. [Андрэй] проста і шчыра, але ўсю справу сапсавала яго празмерная адданасць навуцы. Шамякін.
празо́рлівасць, ‑і, ж.
Здольнасць прадбачыць будучае; праніклівасць. Славіка.. ўразіла Ірыніна празорлівасць: «Я адразу адчула ў гэтай рудой суперніцу». Шамякін.
празо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны прадбачыць будучае; праніклівы. «Чаму яно так выходзіць? — думала ідучы Аксіння. — Ці гэта я такая адкрытая, простая, ці людзі сталі вельмі ж ужо празорлівымі, — нічога ад іх не схаваеш...» Кулакоўскі. // Зоркі, пільны (пра вочы).
празо́рца, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Чалавек, надзелены здольнасцю яснабачання. [Маці] ведала, што гэтак усё і будзе. Словам — яна — празорца. Масарэнка.
празры́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць празрыстага. Быў верасень, стаялі цёплыя, ціхія, поўныя празрыстасці і бляску дні. М. Стральцоў.