Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прылі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыліп, ‑ла; зак.

1. Моцна прыстаць да чаго‑н. (пра што‑н. ліпкае, клейкае, мокрае або да чаго‑н. ліпкага, клейкага, мокрага і пад.). Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. Крушынскі сарваў са стала свой правы локаць, які прыліп да цыраты. Бядуля. // перан. Шчыльна прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Кулямётчык] .. здаваўся адным целам з кулямётам, да таго ён прыліп да яго, зблізіўся з ім. Лынькоў. Пад плотам, у прагным чаканні, прыліп да зямлі худы рабы кот. Савіцкі. Да шыбы прыліп спачатку жаночы твар, пасля ён знік, а з глыбіні пакоя да акна падышоў мужчына. Брыль. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Прыліпла мянушка да .. [Асмалоўскага] — Адвакат. Сіўцоў. Механік быў зусім малы; Мянушка некалі — Малеча — К яму прыліпла горш смалы. Калачынскі.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. На шчасце, прыліп да .. [Ігната] добраахвотны памочнік, Вольчын сын, дзевяцігадовы бялявы хлопчык Кастусь. Мележ. У гэтыя першыя трывожныя дні да .. [Домны і Раечкі] неяк прыліп Андрушка Шэмет. Лобан. // Перадацца каму‑н. (пра хваробу, пра што‑н. дрэннае). Ліхая хвароба падсачыла .. [бацьку], прыліпла к нядошламу целу, улезла ў яго нутро. Гартны. Андрэй усміхнуўся, што і да доктара прыліпла слоўца з лагернага жаргону. Грахоўскі. // Прыстаць з распытваннямі, папрокамі, парадамі і пад. — Ну, што ты да яе прыліп? — сказала маці і з дакорам паглядзела на Валодзю. — Вырасце такая, як ты, таксама не будзе баяцца. Васілеўская.

3. перан. Разм. Моцна захапіўшыся, старацца не разлучыцца з чым‑н. [Бацька] прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. Шамякін. Маці .. здзівілася: што з .. [Віцем] сталася? То, бывала, сілаю не прымусіш сесці за кніжкі, а то раптам гэтак прыліп да іх... Якімовіч.

прылі́пчывасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыліпчывага.

прылі́пчывы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка і добра прыліпае, прыстае. Прыліпчывая гразь. Прыліпчывая смала.

2. перан. Разм. Які лёгка перадаецца іншым; заразны. Прыліпчывая хвароба.

3. перан. Разм. Надакучлівы, назойлівы. Прыліпчывы чалавек. Прыліпчывы субяседнік.

прылі́стак, ‑тка, м.

Лістападобны парастак, які знаходзіцца ў аснове ліста некаторых раслін.

прылітава́цца, ‑туецца; зак.

Тое, што і прыпаяцца.

прылітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Тое, што і прыпаяць. У гэты ж дзень да .. [механіка] прыкаціў свой веласіпед Несцер Іпатавіч, у якім трэба было нешта прылітаваць. Дубоўка.

прыліто́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прылітоўваць — прылітаваць.

прыліто́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прылітавацца.

2. Зал. да прылітоўваць.

прыліто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прылітаваць.

прыліто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прылітоўваць — прылітаваць.