пра́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
1. што. Апрацоўваць моцным жарам перад спажываннем (зерне, арэхі, насенне).
2. каго-што і без дап. Моцна пячы (пра сонца, полымя і пад.). Ці то ад выпітага халоднага квасу, ці то частачка Аскольдавай радасці перадалася нам, ісці ў «Малінавы цвет» было лёгка, хоць сонца пражыла па-ранейшаму. Пальчэўскі. // перан. Мучыць (пра смагу). Хаця дзень быў халаднаваты, а ноч вільготная, рэзкая, Грушэўскага пражыла смага — каб хоць крыху вады ў рот узяць, усё было б лягчэй. Мурашка.
пражы́ць, ‑жыву́, ‑жыве́ш, ‑жыве́; ‑жывём, ‑жывяце́; зак.
1. Прабыць жывым які‑н. час; праіснаваць. Як .. [Гінка] магла пражыць з малым дзіцём без куханаў? Корбан.
2. Прабыць які‑н. час, жывучы дзе‑н. або як‑н. Раечка пражыла ў машыніста Герасіма некалькі дзён, не выходзячы з хаты. Лобан.
3. што. Патраціць на існаванне (грошы, сродкі). Пражыць усе грошы.
пражэ́кт, ‑а, М ‑кце, м.
1. Уст. Праект, план. Тады свае пражэкты абвяшчаў я. Былі яны вельмі шырокія. Карпюк.
2. Іран. Нездзяйсняльны, надуманы праект. Крэйдзік не любіць нейкія там пражэкты, не любіць, калі чалавек вярзе лухту. Савіцкі.
[Фр. projet ад лац. projectum.]
пражэ́ктар, ‑а, м.
Асвятляльны прыбор, які з дапамогай аптычнай сістэмы пасылае яркі пучок прамянёў у пэўным напрамку. Асветленае мноствам пражэктараў ледзяное поле стадыёна блішчала, як у сонечны дзень. Шыцік.
•••
Камсамольскі пражэктар — орган камсамольскага кантролю.
[Фр. projecteur ад лац. projectus — кінуты наперад.]
пражэ́ктарны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пражэктара. Палахліва мільганула з боку чыгуначнага моста некалькі пражэктарных прам[янёў]. Лынькоў. // Прызначаны для пражэктара. Пражэктарная лямпа. □ З правага боку ўзносілася ў неба вялікая пражэктарная мачта. Васіленка.
пражэктары́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спецыяліст па рабоце з пражэктарам; той, хто абслугоўвае пражэктар.
пражэкцёр, ‑а, м.
Іран. Той, хто займаецца складаннем нязбытных, неабгрунтаваных праектаў.
пражэкцёрскі, ‑ая, ‑ае.
Іран. Які мае адносіны да пражэкцёра, пражэкцёрства. Пражэкцёрскія планы.
пражэкцёрства, ‑а, н.
Іран. Захапленне нездзяйсняльнымі праектамі.
пражэ́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пражэрлівага.
пражэ́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Такі, які многа есць; ненасытны. Пражэрлівае птушаня. □ Прытаіўшыся дзе-небудзь у зарасніку чароту, можна прасачыць, як падкрадваецца пражэрлівы шчупак да сваіх маленькіх ахвяр. Шашкоў.