прыліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыліць.
прылі́занасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прылізанага (у 2 знач.). Не падабалася .. [Андрэю] прылізанасць і кватэры, і самога гаспадара яе, і падкрэслены парадак ва ўсім. Колас.
прылі́заны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прылізаць.
2. у знач. прым. Разм. Гладка зачасаны (пра валасы). Высокі, з прылізанымі светлымі валасамі і рабым тварам чалавек павярнуўся, узмахнуў капелюшом. Гамолка. [Кібрык] сам, здавалася, ні на хвіліну не забываў аб .. [сваёй прыгажосці], бясконца прыгладжваў і без таго прылізаныя каштанавыя валасы. Шыцік. // перан. Які мае празмерна акуратны выгляд. Арэшкін, мабыць, знарок штодзень праходзіў міма школы чысценькі, прылізаны, абпырсканы моцнымі духамі. Шамякін. Максім нават пашкадаваў, што не даў гэтаму прылізанаму пану добрай аплявухі. Машара. // перан. Прыгладжаны (пра літаратурныя творы, карціны і пад.). Падручнік не павінен быць прыгладжаны, прылізаны. Дайліда.
прыліза́ць, ‑ліжу, ‑ліжаш, ‑ліжа; зак., каго-што.
1. Прыгладзіць языком. Кошка прылізала шэрсць.
2. Разм. Занадта старанна прыгладзіць (валасы).
прылі́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прылізаць.
прылі́к, ‑у, м.
У выразе: для (дзеля) прыліку — для выгляду, для стварэння патрэбнага ўражання; дзеля прыстойнасці. Але хлопцы са свайго боку ведалі, што Амяллян Ткач добры, а строгасць напускае толькі для прыліку. Навуменка. Васіль ведаў, што ўся гэта гаворка і Грыбкова цікаўнасць толькі так, для прыліку, і чакаў далейшага. Мележ. Косцю здалося, што .. [Валя] запрашае няшчыра, дзеля прыліку. Адамчык.
прылі́па, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Пра надакучлівага, назойлівага чалавека. У натоўпе смех-смяшок: — Бач, які прыліпа!.. Бялевіч.
прыліпа́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыліпаць — прыліпнуць.
прыліпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыліпнуць.
прылі́плы, ‑ая, ‑ае.
Які прыліп, прыклеіўся, прыстаў да чаго‑н. [Яўхім] правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя травінкі. Мележ. І зноў [хлопчык] аглядае мяне — прыліплую да цела цяльняшку, латаныя-пералатаныя штаны. Ракітны.