Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыле́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; зак.

1. Паўзком або пералазячы, пралазячы праз што‑н., наблізіцца, дабрацца ​1 да чаго‑н.

2. перан. Разм. Прыстаць, прычапіцца да каго‑, чаго‑н.

прыле́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыляпіць.

прыле́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыляпіцца.

2. Зал. да прылепліваць.

прыле́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыляпіць.

прыле́сак, ‑ску, м.

Малады, дробны лес, які расце каля старога. А тым часам пачаўся лес, — спачатку кусты на куп’і, пасля прылесак — бярозкі, дубкі, алешнік, елачкі, быццам квактухі сядзяць. Брыль. Сцежка, павіляўшы па жыце, шмыганула ў прылесак маладога грабу і арэшніку, прашылася праз гушчар і выбегла на выезджаную лясную дарогу. Адамчык.

прыле́сны, ‑ая, ‑ае.

Які размяшчаецца пры лесе, знаходзіцца каля лесу. Прылеснае поле ўжо два гады не аралася і не сеялася. Шахавец. Немцы наязджалі ў Бацькавічы не часта. Мабыць, пабойваліся: усё-такі прылесная вёска. Сабаленка.

прыле́ссе, ‑я, н.

Месца каля лесу, звычайна парослае хмызняком, дробным лесам. Зніклі дзірваны, адступілі ў прылессі хмыз. Хадкевіч. Блецька можа без капейкі грошай выбудавацца з Гальвасавага лесу і ніхто бачыць не будзе, адкуль навожана дзерава: тут жа на прылессі і будуйся. Чорны. З густога прылесся выбеглі выносістыя арэшыны, хоць абручы высякай. Паўлаў.

прылёт, ‑у, М ‑лёце, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прылятаць — прыляцець.

прылётны, ‑ая, ‑ае.

Які прылятае адкуль‑н., не мясцовы; пералётны (пра птушак). Будзе свята вераб’ям І прылётным снегірам. Хведаровіч.

прыліва́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыліцца.

2. Зал. да прыліваць.