вяне́чны, ‑ая, ‑ае.
Ужываецца ў саставе некаторых анатамічных тэрмінаў. Вянечнае шво. Вянечныя артэрыі.
вяно́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вены. Вянозная кроў.
вяно́к, ‑нка, м.
1. Упрыгожанне з кветак або галінак, сплеценых у кружок. Дзеці на сенажаці рвуць кветкі і ўюць вянкі. Пестрак.
2. Рад бярвенняў зруба. Стаяла некалькі зрубаў. На некаторых былі ўжо кроквы і латы, некаторыя былі даведзены толькі да верхніх вянкоў. Чорны. Вянок за вянком вырастаў зруб новай Тарэнтавай хаты. Галавач.
3. Тое, што і нізка 1. Вянок грыбоў.
•••
Вянок санетаў — твор з пятнаццаці санетаў, звязаных паміж сабою так, што апошні радок аднаго санета паўтараецца ў першым радку наступнага, а пятнаццаты санет складаецца з першых радкоў усіх папярэдніх чатырнаццаці санетаў.
Гарохавы вянок — адмова ў каханні.
Лаўровы вянок — вянок з лісця лаўру як сімвал перамогі, узнагароды, трыумфу, што прысуджваецца, падносіцца пераможцам у спартыўных спаборніцтвах, артыстам і пад.
Цярновы вянок — сімвал мучэння, пакут (з евангельскага сказання пра калючы цярновы вянок, надзеты на Ісуса Хрыста перад яго распяццем на крыжы).
вяно́чак, ‑чка, м.
1. Памянш.-ласк. да вянок (у 1 знач.).
2. Частка кветкі, якая складаецца з пялёсткаў; венчык.
вя́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. вянуў і вяў, вянула і вяла; незак.
1. Страчваць свежасць (пра расліны). Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала, трава бляднела, вяла ўвачавідкі. Васілевіч.
2. перан. Страчваць здароўе, сілу, бадзёрасць. [Муж Палікарпаўны] вянуў на вачах і ў дзень, калі Марыне споўнілася пятнаццаць год, памёр. Шахавец.
•••
Вушы вянуць гл. вуха.
вянча́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вянчання. Вянчальны абрад. // Прызначаны для вянчання. Вянчальнае плацце.
вянча́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад вянчаць.
вянча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Прымаць царкоўны абрад шлюбу.
2. Зал. да вянчаць.
•••
Вянчацца на царства — каранавацца.
вянча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.
1. Выконваць царкоўны абрад шлюбу. Вянчаць маладых.
2. Завяршаць што‑н., знаходзіцца зверху чаго‑н. Лес каміноў вянчаў пяціпавярховыя гмахі будынкаў... Гартны.