ахма́раны, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты хмарамі. На ахмараным небе нёс варту месяц-поўня. Асіпенка.
ахмістры́ня, ‑і, ж.
Уст. Жанчына, якая вядзе хатнюю гаспадарку ў багатым доме; аканомка. У Гальваса была ахмістрыня, якая яму страшэнна надакучыла і якую трэба было аддаць замуж не марудзячы. Чорны.
ахмяле́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які знаходзіцца ў стане ахмялення.
2. перан. Пра чалавека, які да самазабыцця захоплены, узрушаны чым‑н. Лёня ўжо быў ахмялелы ад першае любоўнай чаркі, якая п’ецца яшчэ да першага пацалунка. Брыль.
ахмяле́нне, ‑я, н.
1. Стан паводле знач. дзеясл. ахмялець.
2. перан. Захапленне, самазабыццё. [Антон:] — Эх, ды каб пайсці са сваёй скрыпкай у родную вёску, а там граць, граць да ахмялення, да адурэння, да сёмага поту. Бядуля.
ахмяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм.
1. Стаць п’яным, ап’янець. Так пахне [квітнеючымі садамі], што можна ахмялець. Бядуля.
2. перан. Самазабыўна захапіцца, узрушыцца. Ахмялець ад ласкі.
а́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., аднакр.
1. Разм. Усклікнуць «ах», выказваючы якое‑н. пачуццё: захапленне, здзіўленне, шкадаванне, страх, смутак і пад. [Мікалай Іванавіч:] — Бываюць цікавыя сюжэтныя павароты ды такія нечаканыя, што ахнеш ад здзіўлення. Шахавец.
2. Разм. Выбухнуць, разарвацца, стрэліць, абрушыцца і г. д. Пакуль.. [Капейка] паспеў шыбануць за вугал хаты — граната ахнула!.. Брыль.
3. каго-што. Разм. Моцна выцяць. Ахнуць па галаве.
ахо́ва, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ахоўваць; ахоўванне. Ахова здароўя. Ахова правоў грамадзян. Ахова дзяржаўнага парадку. Ахова сацыялістычнай уласнасці. Ахова працы. Ахова помнікаў. Узяць пад ахову.
2. Атрад, група (людзей, караблёў і пад.), прызначаныя ахоўваць каго‑, што‑н. Каля ўсіх варот і брамак .. стаяла ахова. Брыль. Азірнуліся сябры: Следам крадуцца звяры, Слугі верныя зубровы, Усе чыны яго аховы. Вітка.
•••
Несці ахову гл. несці.
ахо́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Управіцца, справіцца, пакончыць з кім‑, чым‑н., завяршыць якую‑н. работу. — Цяжкавата такую прастору касой аходаць, — гаварыў Антось Жыгалка. Дуброўскі. Як толькі Андрэйка ўзняўся на ногі гэтак, што без старэйшага брата мог аходаць зямлю, Броня пайшоў у старую кузню вучыцца за каваля. Чорны.
ахо́п, ‑у, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ахапіць.
ахо́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ахапіць.