счапі́цца, счаплю́ся, счэ́пішся, счэ́піцца; зак.
1. чым і без дап. Змацавацца, злучыцца пры зачэпліванні, прычэпліванні. Шасцярні счапіліся. // Выпадкова зачапіцца адзін за аднаго. Лапы елак счапіліся адна з адною. // Разм. Злучыцца, сплёўшыся (пра рукі, пальцы). Пальцы счапіліся — не разнімеш.
2. перан. Злучыцца ў адно цэлае, увайсці ва ўзаемасувязь.
3. Разм. Схапіцца ў бойцы. [Андрэй] счапіўся з .. [наглядчыкамі] і біў іх рукамі і нагамі, раскідваў, як мядзведзь. Машара. // Пачаць сварыцца, лаяцца з кім‑н. [Картыжова] тут усе любяць. І таварыскі, і харошы. І робіць добра, і настырны, не пабаіцца нават з начальствам счапіцца. Чыгрынаў. Аўтобус яшчэ стаяў ля ганка, і з яго даляталі два моцныя галасы: шафёр і кантралёр счапіліся ў сварцы... Ракітны.
счапі́ць, счаплю, счэпіш, счапіць; зак., каго-што.
1. Змацаваць, прычапіўшы адно да другога, зачапіўшы адно за другое. Счапіць вагоны. □ Кузёмка .. успамінаў мінулы год, калі ён з Міколкам пераворваў гэты вялікі палетак, баранаваў і потым засяваў, счапіўшы ў адзін агрэгат тры сеялкі. Хадкевіч. // Разм. Злучыць, сплятаючы (пальцы, рукі). Счапіўшы рукі ля грудзей гаротна, Яны глядзяць на золата імён. А ў сэрцы ў кожнай — боль па блізкіх, родных, Якім другія дзесь нясуць паклон. Гілевіч.
2. Разм. Адчапіць. Яна рванула вуду да сябе. У паветры мільганула рыбка. Анеля счапіла яе з кручка і кінула ў вядзерца. Лупсякоў.
3. Разм. Прышыць на скорую руку. — Трэба зашыць, — добразычліва вырашыла цётка Антося. — Данка, прынясі чорных нітак, счаплю кавалеру! Карпюк.
счапле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. счапляць — счапіць.
2. Прыстасаванне ці механізм, пры дапамозе якога счапляюць што‑н. Яшчэ хвіліна, і, бразнуўшы счапленнем, цягнік пакідае ціхі раз’езд. Карамазаў. [Уладзімір] націснуў старцёр, адпусціў счапленне, і машына, пагойдваючыся, пакацілася далей. Кавалёў.
3. Стан паводле дзеясл. счапляцца — счапіцца (у 2 знач.). Слабае счапленне асобных слаёў у крышталічнай рашотцы графіту дазваляе ўжываць яго і для вырабу змазкі. «Маладосць». На мой погляд, паэма павінна несці не проста счапленне падзей у сюжэт, а эпас пачуццяў. Лужанін.
счапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да счапіцца.
2. Зал. да счапляць.
счапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да счапіць.
счарава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад счараваць.
счарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
Разм. Зачараваць. Счараваў вяскоўцаў снег: Хоць бы слова, крык ці смех, — Ціха-ціха. Гілевіч.
счарве́ць, ‑ее; зак.
Разм. Тое, што і счарвівець. Грыб ад старасці ўжо счарвеў, спадыспаду яго спаласаваў жук... Сачанка.
счарві́вець, ‑ее; зак.
Стаць чарвівым. А перабольшваць гною нельга, бо калі перабольшыш, дык бульба счарвівее, а ячмень ці яшчэ якая збажына пабуяе і вылежа. Сабаленка.
счарне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў чорным, пачарнелы. На счарнелай ад часу жэрдцы вісела на такім жа счарнелыя драўляным круку калыска. Пестрак. На дарогах вайны бачыла я счарнелых, бяздомных дзяцей. Агняцвет. Кідаецца ў вочы старая счарнелая крапіва ля рэчкі ў голым альшэўніку. Пташнікаў.