Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самало́ў, ‑лова, м.

Назва розных пастак і снасцей для лоўлі рыбы, птушак, звяроў. Кручок для самалова.

самало́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца самаловам. Самалоўныя прылады. Самалоўная снасць. // Які вядзецца пры дапамозе самаловаў. Самалоўны промысел.

самалю́б, ‑а, м.

Разм. Сябелюбівы чалавек. Самалюб, .. [Юрка] часта сумняваўся і не давяраў сабе. Карпаў.

самалюбава́нне, ‑я, н.

Любаванне самім сабой, сваімі здольнасцямі, поспехамі. [Жураўскі] ў першыя ж хвіліны знаёмства адрэкамендаваў сябе Лемяшэвічу і зрабіў гэта ўмела і проста, без ценю выхвалення ці самалюбавання. Шамякін.

самалю́бец, ‑бца, м.

Разм. Тое, што і самалюб.

самалюбі́васць, ‑і, ж.

Тое, што і самалюбства. [Шыковіч] не вызначаўся залішняй самалюбівасцю, але яго заўсёды абурала, калі дзе пачыналася палітыканства — гульня ў важнасць і строгасць. Шамякін.

самалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які вылучаецца сваім самалюбствам. Жанчына настойлівая і самалюбівая, Ліда ні ў якім разе не хацела здавацца. Васілевіч. Самалюбівы, аматар усякіх маланебяспечных, але гучных спраў, .. [Шуст] заўсёды кідаўся туды, дзе можна было раптам бліснуць перад камандаваннем. Шчарбатаў. // Які сведчыць пра вялікае самалюбства, выкліканы ім. Самалюбівыя думкі.

самалю́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Жан. да самалюб.

самалю́бнасць, ‑і, ж.

Тое, што і самалюбства. Ісці дзе-небудзь у сярэдзіне не дазваляла.. [Ермакову] самалюбнасць. Мележ.

самалю́бны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і самалюбівы. Змяніўся чалавек з часу вайны — самалюбны стаў, упарты. Хадкевіч.