Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пры́красць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыкрага. [Іван] таропка ўзбег на круцізну, быццам уцякаючы ад думак аб.. [Джуліі], пакінутай унізе, але ўсё ж не могучы адолець прыкрасці сваіх адчуванняў. Быкаў.

2. Непрыемнае пачуццё незадавальнення, крыўды, смутку. Нібы знарок, на прыкрасць дзеду, праплывае [рыба] каля самай галачкі і нават носа не заверне. Крапіва. [Лёдзя] тройчы разглядала сябе ў люстра і тройчы з прыкрасцю адварочвалася. Карпаў. Алесю падабалася гасціннасць гаспадыні і ўжо з прыкрасцю думалася, што стрэлкі гадзінніка бягуць занадта хутка. Шыцік.

3. Тое, што выклікае пачуццё незадавальнення, крыўды; непрыемнасць. — Даруйце мне. Васіль Міронавіч, што прычыніў вам прыкрасць. Колас. Дома ўсе ведаюць, што калі Арцём Іванавіч гаворыць такія рэчы, у яго на працы былі нейкія прыкрасці. Мележ.

прыкра́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыкрасіць.

прыкро́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыкроіць.

прыкро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак., што.

Прыладзіць, падагнаць кройкай. Прыкроіць рукавы да сукенкі. Прыкроіць боты.

прыкро́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыкройваць — прыкроіць.

прыкро́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прыкройваць.

прыкро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыкроіць.

прыкро́йка, ‑і, ДМ ‑кройцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыкройваць — прыкроіць.

прыкро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Прыйсці. [Вронік:] — Далёка крочым, дзеду? — Дзядок страпянуўся. — А ўжо, можна сказаць, прыкрочыў. Ракітны.

прыкруці́цца, ‑круціцца; зак.

1. Прымацавацца да чаго‑н. пры дапамозе шрубы, шрубавай нарэзкі. Гайка прыкруцілася лёгка. Рэйка добра прыкруцілася.

2. Разм. Раптоўна прыбыць куды‑н.; прымчацца. Не мінула двух месяцаў, як жончыны сёстры прыкруціліся ў мястэчка. Навуменка.