Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экзеку́цыя,

1. Цялеснае пакаранне. За дзесяткі гадоў службы фельдфебель добра набіў руку і на шпіцрутэнах, і на розгах. І таму чарговая экзекуцыя была для яго звычайнай справай. Якімовіч.

2. Уст. Выкананне судовага ці адміністрацыйнага прыгавору (пакаранне смерцю і пад.). Гродзенскі губернатар робіць экзекуцыі, пасылае на падаўленне хвалявання войскі і размяшчае іх па дварах за кошт галодных і раздзетых сялян. Лушчыцкі.

3. У міжнародным праве — прымяненне карных мер адной дзяржавы ў адносінах да другой.

[Ад лац. exsecutio — выкананне.]

экзе́ма, ‑ы, ж.

Незаразнае запаленчае захворванне скуры, якое суправаджаецца свербам і з’яўленнем высыпкі, гнойных пухіроў, струпоў. Экзема ў .. [Самародава] на нагах ніяк не гаілася. Шамякін.

[Грэч. ékzema — высыпка на скуры.]

экземато́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае характар экземы. Экзематозны працэс.

экземпля́р, ‑а, м.

Асобная адзінка, узор з ліку аднародных рэчаў (звычайна пра друкаваны ці рукапісны тэкст). У той вечар газету сапраўды чыталі ўсе, экземпляры яе пераходзілі з хаты ў хату, і людзі, якія не выпісвалі абласную газету, упершыню пашкадавалі. Шамякін. Стасік Кудрэвіч збірае паштовыя маркі. Яго калекцыі настолькі багатыя рэдкімі экземплярамі, што дарослыя філатэлісты ахвотна з ім мяняюцца сваімі набыткамі. Мяжэвіч. // Асобны прадстаўнік якой‑н. пароды, віду, разнавіднасці (пра жывёл, расліны). — А я злавіў цікавы экземпляр... — сказаў Дзіма. Затым адкрыў баначку і выняў чорна-бархацістага з чырвонымі палоскамі пасярод крыльцаў матыля. Сіняўскі. — Хіба зрабіць з яе [змяі] чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, — згадзіўся Віктар. Маўр. // Пра чалавека як прадстаўніка якой‑н. групы людзей, якім уласцівы пэўныя характэрныя рысы, прыкметы. Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Караткевіч. // Разм. Пра чалавека, які адрозніваецца незвычайнымі ці адмоўнымі ўласцівасцямі. — Вылюдак, — сказаў Міхал. — Трапляюцца экземпляры, — пакруціў галавою і Сасноўскі. Карпаў.

•••

Сігнальны экземпляр — першы друкаваны экземпляр, які з’яўляецца ўзорам для ўсіх іншых экземпляраў пэўнага выдання.

[Ад лац. exemplar — узор.]

экзерсі́с, ‑у, м.

Спец. Практыкаванне для развіцця і ўдасканалення тэхнікі выканання (танца, музыкі). Развучваць свае экзерсісы.

[Фр. exercice ад exercer — развіваць шляхам практыкаванняў.]

экзістэнцыялі́зм, ‑у, м.

Упадніцкая ідэалістычная філасофская плынь эпохі імперыялізму, якая імкнецца даказаць бессэнсоўнасць жыцця, бясплённасць грамадскай дзейнасці, няслушнасць маралі і пад.

[Лац. exsistentia — існаванне.]

экзістэнцыялі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік экзістэнцыялізму.

экзістэнцыя́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да экзістэнцыялізму. Экзістэнцыяльная філасофія.

экзо́ты, ‑аў; адз. экзот, ‑а, М ‑зоце, м.

Дрэвавыя і хмызняковыя расліны, не характэрныя для дадзенай мясцовасці і акліматызаваныя ў ёй.

экзо́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Дзівосныя, незвычайныя асаблівасці (прыроды, звычаяў, мастацтва і пад.) народаў аддаленых краін. Не шукайце экзотык за морамі, Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі. Прыязджайце да нас, на Полаччыну, Пахадзіце яе прасторамі. Бураўкін. Перу для японскага гледача — такая ж экзотыка, як для нас, скажам, Гавайскія астравы. «Маладосць».

[Ад грэч. exōtikos — чужаземны.]