чыну́ша, ‑ы, м.
Разм. пагард. Чыноўнік, бюракрат. Асабліва радавала.. [Лабановіча] тая акалічнасць, што зкзаменатарам назначаўся не інспектар народных вучылішч, сухі і бяздушны чынуша, а выкладчык, які ў свой час быў таксама настаўнікам пачатковай школы. Колас.
чынш, ‑у, м.
Гіст. У феадальнай Еўропе — рэгулярныя натуральныя і грашовыя плацяжы зямельнаму ўласніку за карыстанне зямлёй. // На Беларусі і ў Літве ў 15–19 стст. — грашовы аброк. Селяніна на сувязь з рынкам штурхала перш за ўсё неабходнасць уплаты грашовага чыншу і выканання іншых павіннасцей, якія ўсё часцей замяняліся грашовым эквівалентам. «Весці». — Чынш да падатку не належыць, — уставіў слова паспакайнелы Сяргей. Чорны.
[Польск. czynsz ад лац. census — перапіс.]
чыншаві́к, ‑а, м.
Гіст.
1. У феадальнай Еўропе — селянін, які карыстаўся спадчыннай зямлёй часова або бестэрмінова, за што плаціў чынш.
2. На Беларусі і ў Літве 15–19 стст. — селянін, асноўнай формай павіннасці якога быў грашовы аброк, чынш.
чы́ншавы, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Які мае адносіны да чыншу. Чыншавы падатак. □ Пан Адам Выбіцкі яшчэ шэсць год назад ледзь не паміраў з голаду разам з бацькамі. Быў ён з чыншавай шляхты, жыў, як большасць такіх, земляробствам. Але стаў на гаспадарку ў няшчасны час. Караткевіч.
чыра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і чырок. І з-пад куп’я балотнага Чыранкі ўвысь кідаюцца. І. Калеснік.
чыраня́ і чыранё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Птушаня чырка.
чы́рвана,
1. Прысл. да чырвоны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра перавагу чырвонага колеру дзе‑н., наяўнасць чырвані. На дварэ было чырвана, як ад пажару. Пташнікаў. Там [у вёсцы] цяпер цвітуць вяргіні — аж чырвана пад вокнамі. Арабей.
чырвана... (гл. чырвона...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «чырвона...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: чырванабокі, чырванаскуры, чырванафлоцкі.