цурба́н, ‑а, м.
1. Абрубак дрэва; кароткае бервяно. Прайшоўшы да кустоў, я, не спяшаючыся, разматаў і закінуў вуды, потым прысеў на чорны дубовы цурбан. Ляўданскі.
2. Лаянк. Пра някемлівага, неразумнае чалавека.
цурбо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
Разм. Ліць, ісці (пра спорны дождж). А на дварэ ўсё цурболіў дождж. Ваданосаў.
цу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Кароткі кусочак дрэва. Цётка Яніха раптам пачала расшпільваць цуркі-гузікі ў кажусе. Каліна. / Пра кароткі кусочак галінак маліны, парэчак і пад. Галіна ўзяла лучыну, распаліла агонь у жалезнай пячурцы, наліла шырокі жоўты гляк вадою і паставіла яго зверху на пячурку. У гляк кінула малінавых цурак. Галавач.
цуро́к, ‑рка, м.
1. Нешырокі струмень вады, вадкасці. З мяне на саматканы палавічок сцякалі цуркі вады. Грахоўскі. Барадаты рабочы, з цуркамі поту на поўным твары, адышоў ад хваіны. Гартны.
2. у знач. прысл. цурко́м. Струменем, бесперапынна (цячы, ліцца і пад.). Наташа адчувала, як па спіне цурком збягае пот. Асіпенка. Са стрэх лілося цурком; такога капяжу не было яшчэ ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. Полымя ажно хапае за пальцы, і воск цурком цячэ ў місу. Броўка.
цуру́балка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Прадаўгаваты кавалак дрэва, сцябла; палачка, дудка. [Прадушына нары] старанна замаскіравана аголенымі лазовымі цурубалкамі, галінкамі. Масарэнка. // Палачка замест гузіка звычайна ў верхняй вопратцы. Нават цурубалкі на .. [кажусе] былі яшчэ тыя, што я навыразаў з сухой грабовай палкі... Сачанка.
цурча́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. цурчаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Прыйшла вясна, прынесла сонца, цяпло, цурчанне ручайкоў! «Работніца і сялянка». [Ручай] быў такі гаманкі, што яго звонкае цурчанне, відаць, не змаўкала ні днём, ні ноччу. Лынькоў.
цурча́ць і цурчэ́ць, ‑чыць; незак.
1. Цячы, ліцца цурком. Халодная вада капае на грудзі, на ногі, цурчыць на жвір. Пташнікаў. Ніна ўжо сядзела на зямлі і плакала, пазіраючы спалохана, як па назе цурчыць і цурчыць кроў. Мележ.
2. Утвараць гукі булькання, пералівання (пра вадкасць). Недзе глуха цурчыць вада па разоры. Пестрак. Дунаеву здалося, што ён ужо чуе, як цурчыць вада. Шыловіч.