Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сціна́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. сцінаць ​2 — сцяць ​2 (у 3 знач.).

сціна́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сцяцца ​1.

2. Зал. да сцінаць ​1.

сціна́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сцяцца ​2.

2. Зал. да сцінаць ​2.

сціна́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сцяць ​1.

сціна́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сцяць ​2.

сці́пла,

1. Прысл. да сціплы.

2. безас. у знач. вык. Пра скромнасць, прастату, адсутнасць прэтэнзій на раскошу дзе‑н. У кватэры ленінскай сціпла, Быць не можа яшчэ сціплей... Тармола.

сці́пласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць сціплага. Сапраўдны гераізм сябруе з асабістай сціпласцю героя і ўсведамляецца ім як абавязак. У. Калеснік.

2. Сціплыя паводзіны, сціплы ўклад жыцця. — Сціпласць не псуе чалавека, а дзяўчыну тым больш, — з перакананнем сказаў Раман Дзянісавіч. Хадкевіч. Максім па сціпласці нідзе і слова не прараніў аб сваім партызанстве, аніякай палёгкі ці прывілеі не прасіў. Кавалёў.

сці́плы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не любіць падкрэсліваць свае заслугі, хваліцца сваімі справамі; пазбаўлены ганарыстасці. На высокім пасту .. [Барашкін] аказаўся сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны.

2. Стрыманы ў паводзінах, абыходжанні, словах; не развязны, прыстойны. Але Юля — сціплая. Яна не кінецца адразу: «Я!..», а пачакае, пакуль мама не перапытае: «Дачушка, няўжо гэта ты сама так зрабіла?» Гарбук. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. Уся сям’я Сядых была надзвычай працавітая і сціплая ў сваіх паводзінах. Рамановіч. // Які не прад’яўляе вялікіх патрабаванняў, задавольваецца малым. У гэтых словах — уся Хрысціна, простая, сціплая дзяўчына, якая ўсёй душой палюбіла сваю нялёгкую працу. Кухараў.

3. Які сведчыць аб стрыманасці, памяркоўнасці ў паводзінах, размове; які выказвае такую стрыманасць, памяркоўнасць. Аглянуўшыся, .. [Маша] ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля. Шамякін. Заўсёды сціплы і прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным. Брыль.

4. Які нічым не вылучаецца, просты; звычайны; без прэтэнзій на раскошу. [Слава:] — Вяртаючыся дамоў, я збіраў сціплыя паўночных кветкі: маленькія рамонкі, незабудкі. Бяганская. Вяселле справілі сціплае — не вяселле, а вечар з пачастункам на кватэры ў Кудзіных. Хадкевіч. // Звычайны, радавы. [Толь:] — Пасада ў вас [Дземідзецкага] павінна аставацца сціплая. Новікаў. // Не яркі. Пры сціплым падсвечванні маладзіка Багдан спачатку пазнаў сваіх коней з брыгады, а тады ўжо стаў углядацца ў чалавека, што быў пры конях. Кулакоўскі. // Ціхі, не рэзкі. Я чую сціплы шолах вольхі І як, зліваючыся з ім, Гул правадоў высакавольтных Плыве над лесам залатым. А. Александровіч. Далёка чуваць, як пад дугой патрэньквае сціплы званочак. Брыль.

5. Нязначны, невялікі; абмежаваны, сярэдні. Сціплая зарплата. Сціплыя патрабаванні. □ Планы ў Журко былі вельмі сціплыя. Савіцкі. Спробы вярнуць [хлопчыка] Раму ў чалавечае асяроддзе ўвянчаліся вельмі сціплымі поспехамі. «Звязда».

сціра́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сціраць — сцерці.

сціра́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сцерціся.

2. Зал. да сціраць.

сціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сцерці.

сці́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Кухонная анучка для выцірання стала.

2. Гумка для сцірання напісанага. Напісанае пяром прыходзілася выскрабаць ножыкам, бо сцірка не памагала. Колас.