Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нізі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нізіны; які знаходзіцца, расце ў нізіне. Нізінныя рэкі. Нізінныя травы.

ні́зка 1, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Нанізаныя на нітку, дрот і пад. якія‑н. аднародныя прадметы (грыбы, пацеркі і пад.). Нізка жэмчугу. □ Падымаецца ў паветра з раённага аэрадрома вясковы народ. Жанчыны вязуць звязаных курэй, кошыкі яек, нізкі грыбоў. Ракітны.

2. Цыкл мастацкіх твораў аднаго жанра. Нізка вершаў. □ Нізка Ул. Дубоўкі «Крыху восені і жменька кляновых лістоў» друкавалася ва «Узвышшы». Лойка.

ні́зка 2,

1. Прысл. да нізкі (у 1, 2, 4 і 7 знач.). // Блізка да каранёў чаго‑н. (стрыгчы, жаць, зразаць). Гэта быў ужо чалавек з сівымі, нізка, пад машынку стрыжанымі валасамі. Чорны.

2. у знач. вык. На невялікай адлегласці ўверх ад зямлі, якога‑н. узроўню. Дупло зусім нізка і ў ім поўна мёду. Якімовіч.

3. у знач. вык. Подла, ганебна.

нізка...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: а) нізкі, напрыклад: нізкагатунковы, нізкалобы; б) нізка, напрыклад: нізкапаклонства, нізканавіслы.

нізкаапла́тны, ‑ая, ‑ае.

Які аплачваецца па нізкаму тарыфу. Нізкааплатная пасада. // Такі, за які мала плацяць. Нізкааплатная работа.

нізкабо́ртны, ‑ая, ‑ае.

Спец. З нізкімі бартамі. Нізкабортны карабель.

нізкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху нізкі, даволі нізкі. Нізкаватая столь. □ Яшчэ хвіліна — і ўжо добра чуваць было, што .. [Таццяна] гаворыць сваім густым, нізкаватым .. голасам. Зарэцкі. Мясціна была нізкаватая, па абодва бакі рос аер, пракідаліся лазовыя кусты. Лобан.

нізкаво́льтавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і нізкавольтны.

нізкаво́льтны, ‑ая, ‑ае.

Разлічаны на невысокае напружанне электрычнага току. Нізкавольтная лінія.

нізкагатунко́вы, ‑ая, ‑ае.

Нізкага гатунку, якасці. Нізкагатунковае збожжа.

нізкакалары́йны, ‑ая, ‑ае.

З нізкай каларыйнасцю. Нізкакаларыйны прадукт.