Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прадрака́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да прадракаць.

прадрака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прадрачы.

прадрама́ць, ‑драмлю, ‑дрэмлеш, ‑дрэмле; зак.

Драмаць некаторы час. Каб нікога не будзіць, .. [Міхал] лёг у адрынцы, прадрамаў на канюшыне да ранку. Чорны.

прадра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прадраць.

2. у знач. прым. З дзіркай, дзіркамі. [Антось] убачыць прадраную блузку і скрыва пазіраць будзе на яе [Яніну], і твар яго лісіны будзе такі дапытлівы і такі агідны. Мурашка.

прадра́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Драпаючы, прадзерці.

2. Зрабіць неглыбокія драпіны на чым‑н.

3. і без дап. Драпаць некаторы час.

прадра́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прадрапаць (у 1, 2 знач.).

прадра́цца, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; зак.

1. Прадзіравіцца, знасіцца да дзірак. Шкарпэткі, звязаныя бабай з воўны, за зіму прадраліся, і голымі пальцамі ног .. адчуваюцца цвікі. Паўлаў.

2. Прайсці, прабрацца з цяжкасцю, прабіцца праз што‑н. Хутчэй бы дабегчы да ракі, прадрацца скрозь лазняк. Жычка.

прадра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; пр. прадраў, ‑драла; заг. прадзяры; зак., што.

1. Прадзіравіць, знасіць да дзірак.

2. Прарваць чым‑н. вострым. Тады.. [Зайкоўскі] прадраў страху і праз дзірку шуснуў на зямлю, а там яго толькі і бачылі. Колас.

•••

Вочы прадраць — прачнуцца.

прадрачы́, ‑раку, ‑рачэш, ‑рачэ; ‑рачом, ‑рачаце, ‑ракуць; зак., што.

Уст. Наперад прадказаць тое, што будзе.

прадраша́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да прадрашаць.