Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

зы́бацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Гушкацца, то падымаючыся, то апускаючыся. Зыбацца на нагах. Дрыгва зыбаецца. □ Лодка зыбаецца на паверхні вады, і ад яе разыходзяцца ў бакі ледзь прыкметныя хвалі. Лупсякоў. Дошкі ўгіналіся, зыбаліся пад нагамі. Лынькоў.

2. Зал. да зыбаць.

зы́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Гушкаць, то падымаючы, то апускаючы. Зыбаць дзіця. □ Турбот нямала ў Нёмана заўсёды. Спяшаецца з пагоркаў ён, з далін, Каб зыбаць караблі на быстрых водах І карагодзіць лопасці турбін. Калачынскі.

зы́бісты, ‑ая, ‑ае.

1. Хвалісты, з зыбам. [За яварамі] — белавата-серабрысты і сцюдзёна-зыбісты плеск сажалкі. Ракітны.

2. Зыбкі, хісткі. На чаўне хтосьці крыкне «ратуйце!». Пойдзе лямант па зыбістай гаці. Бядуля.

зы́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Калыска, падвешаная на гнуткай палцы, прымацаванай да столі. Палыхае вогнішча ў грубцы, асвятляючы падлогу, супрацьлеглую сцяну, драўляную зыбку, у якой спіць малое. Лупсякоў.

зы́бкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зыбкага. Зыбкасць глебы.

зы́бкі, ‑ая, ‑ае.

Які можа зыбацца, гушкацца; гнуткі. Зыбкае балота. □ Перайшоўшы зыбкую кладку праз рэчку, дзед пайшоў сцежкай. Лынькоў. // Які знаходзіцца ў стане лёгкага руху, хістання. Па вадзе забегалі зыбкія маленькія хвалькі, пайшлі блішчастыя пухіркі, якія хутка бясшумна лопаліся. Лупсякоў.

зыбну́цца,

гл. зыбануцца.

зыбну́ць,

гл. зыбануць.

зыбу́н, ‑а, м.

Зыбкае балота, якое ўтвараецца пры зарастанні азёр, рэк і пад. — Вазьмі Бандэрку. Ён цяжкі. Ён і праверыць, можна ісці па зыбунах з грузам ці не. Шашкоў. Імхі наступалі, плылі зыбуны, За горла няшчадна сціскалі рачулку. Зуёнак. // толькі мн. (зыбуны́, ‑оў). Рухомыя зыбучыя пяскі.

зыбу́чы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і зыбкі; рухомы. Тут бусел, спрадвечны, Як белы свет, Балацявінку зыбучую месіць. Барадулін. Шафёр спыніў машыну, каб распазнаць мясцовасць, а галоўнае дарогу. Бо гадзіну таму назад нас хацелі затрымаць у лесе нанач зыбучыя пяскі. Пестрак.