Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загалі́цца, ‑галюся, ‑голішся, ‑галіцца; зак.

Разм. Адкрыць якую‑н. частку свайго цела. падняўшы вопратку.

загалі́ць, ‑галю, ‑голіш, ‑голіць; зак., што.

Разм. Адкрыць якую‑н. частку цела, падняўшы вопратку. Лыткі загаліў, а шчупака не злавіў. З нар.

загало́вак, ‑лоўка, м.

Назва кнігі, часопіса, артыкула і пад. Загаловак апавядання. Загаловак артыкула. □ — «У лапах самацёку», — прачытаў Жыжка загаловак заметкі і глянуў на старшыню. Ермаловіч.

загало́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да загалоўка. Загаловачны шрыфт.

•••

Загаловачнае слова гл. слова.

загало́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які пішацца ў слове на пачатку тэксту, раздзела, абзаца; вялікі. Загалоўная літара. // Такі, як у загалоўку, прызначаны для загалоўка. Загалоўны шрыфт.

загамані́цца, ‑манюся, ‑монішся, ‑моніцца; зак.

Разм. Тое, што і загаварыцца (у 1 знач.). Лугаўцоў адсунуў ад сябе шклянку, зірнуў на гадзіннік і спахапіўся: — Э-э, ды мы загаманіліся. Шашкоў.

загамані́ць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; зак.

Пачаць гаманіць.

зага́на, ‑ы, ж.

1. Недасканаласць, недахоп, які выклікае асуджэнне. Заганы капіталістычнага ладу. □ — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог устрымацца, каб не павучаць. Шыцік. Ні адзін трактар не павінен быў сысці з канвеера з заганай, хоць бы самай нязначнай. Хадкевіч.

2. Фізічны недахоп арганізма, прыроджаны або набыты пасля хваробы ці траўмы. Была ў .. [Саханюка] яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а .. скрадваў яго і казаў «й». Колас.

заганары́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Пачаць ганарыцца. // Стаць ганарыстым, фанабэрыстым. [Алёша Касцянок] больш за ўсё баяўся, каб не падумалі, што ён сапраўды заганарыўся. Шамякін.

зага́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць заганнага. Заганнасць метадаў работы.