страка́тасць, ‑і, ж.
1. Рознакаляровасць, пярэстасць. Прывольныя лугі вабяць сваім раздоллем, прыгожасцю, цудоўнай стракатасцю колераў і размаітасцю пахаў. Асіпенка.
2. перан. Разнароднасць. Назвы пасад воінскіх начальнікаў адлюстроўваюць тую лексічную стракатасць, якая з’явілася вынікам сутыкнення славянскай і заходнееўрапейскай сістэм у арганізацыі вайсковай справы. Гіст. лекс. бел. мовы.
страката́ць, стракачу, стракочаш, стракоча; незак.
Утвараць строкат (пра некаторых насякомых, птушак). Блытаючыся, балбатаў цецярук і бесперастанку стракаталі конікі, пераскакваючы з травінкі на травінку і абтрасаючы, як жывое срэбра, кроплі расы. Пташнікаў. У глыбіні нечага надворка стракаталі і мільгалі белым воллем у нерухомым вішняку быстрыя сарокі. Адамчык. // Утвараць рэдкія кароткія і частыя гукі (пра матор, кулямёт і пад.). [Курт] нават не чуў, як стракатаў яго аўтамат, бо ўсё вухала, грымела, калацілася і мацней за ўсё, здавалася, білася сэрца. Сабаленка. Поле поўніцца жыццём — спорна і дробна стракоча жняярка. Мележ. // Хутка працаваць на чым‑н., што ўтварае строкат. Стракочуць [у фінаддзеле] арыфмометрамі, ляскаюць костачкамі лічыльнікаў, падрахоўваючы не толькі рублі, а і капейкі. Навуменка. Зіна стракатала на машыне, Люська чытала. Марціновіч. // перан. Разм. Хутка, бесперастанку гаварыць, балбатаць. — Шкада, панове, — стракатала Ядзя, — што ў нас есці няма. Новікаў. / у паэт. ужыв. І малы даверлівы шчыгол Аб сваіх прыгодах ёй [Галі] стракоча. Агняцвет.
страка́ткі, ‑так; адз. стракатка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Сямейства матылькоў з яркай стракатай афарбоўкай крылаў.
стракатня́, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і строкат. Зыбкае балота ўздрыганулася ад стракатні кулямётаў, аўтаматаў, вінтовак. Шчарбатаў. Ілонка .. некаторы час моўчкі, глядзела па .. [савецкіх турыстаў], не ўмешваючыся ў агульную стракатню дзятвы. Краўчанка.
стракату́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.
Разм. Пра каго‑, што‑н., хто (што) бесперастанку стракоча. Неўгамонная стракатуха [вавёрка] імкліва паглядала ва ўсе бакі. Лынькоў. Сцёпка думаў, як тут лацвей і натуральней пабачыцца з Аленкаю. Лепш бы, вядома, было спаткацца адзін на адзін... Толькі б гэтых стракатух-піскух там не было. Колас. У пачатку ліпеня, калі на падзівінскія лугі выпаўзаюць стракатухі-касілкі, мядовы водар кветак трымаецца ў паветры ледзь не да самага світання. Асіпенка.
страка́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, паверхня якога пакрыта ўзорамі, палосамі, плямамі розных колераў; рознакаляровы. Стракатая тканіна. Стракаты букет. □ Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым, жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Цяпер будынак школы быў стракаты, у зялёных плямах. Адамчык. [Прузыніна] стракатая хустка мільгацела ў розных кутках сядзібы, зычны голас гучна разносіўся ў прыціхлым вячэрнім паветры. Стаховіч.
2. перан. Які складаецца з розных элементаў; вылучаецца неаднароднасцю. Стракаты склад насельніцтва. □ Увесь гэты стракаты натоўп [рабфакаўцаў], як жывы этнаграфічны музей, рассыпаўся па ўсходах, ка[лі]дорах і аўдыторыях. Колас.
3. Разнашэрсны, плямісты (пра масць жывёл); рознага апярэння (пра птушак). У царстве лясным сустракаю кантрасты, Якіх зразумець не магу аніяк: Прыгожанькі звер — а драпежнік ікласты. Стракатая птушка — ды дрэнны спявак. Жычка. / У назвах жывёл і раслін. Пачаў абстукваць дрэвы стракаты дзяцел. П. Ткачоў.
страка́цець 1, ‑ее; незак.
1. Вылучацца сваёй стракатасцю; пярэсціцца. І толькі калі [Ніна] зірнула ў акно, зразумела — поезд, змяншаючы хуткасць, падыходзіў да станцыі: перад вачыма разгаліноўваліся бліскучыя ад сонца рэйкі, а ўдалечыні ўжо стракацелі цагляныя і драўляныя будынкі прыгарада. Сіўцоў. На .. [хлопцах] былі таксама вузкія дудачкай штаны, з-пад якіх стракацелі шкарпэткі. Асіпенка. // чым або ад чаго. Быць, здавацца стракатым, рознакаляровым (ад чаго‑н.). Імшары стракацяць рознакаляровымі сыраежкамі, бабкамі, падасінавікамі. Сачанка. Пчаліныя хаткі стракацелі рознай афарбоўкай між пабеленымі стваламі яблынь. Пестрак. Невысокая трава паабапал стракацела жоўтымі люцікамі, ружовымі смолкамі, сінімі званочкамі. Ваданосаў. Берагі ракі стракацелі ад птушак, што, здавалася, зляцеліся сюды з усіх джунгляў. Хомчанка.
2. Станавіцца стракатым. Вуліца пачала стракацець белымі, чырвонымі, блакітнымі кофтамі і хусткамі. Мележ.
страка́цець 2, ‑ціць; незак.
1. Часта трапляцца на вочы, мільгаць перад вачыма. На паплавах стракацеў дзяцельнік, тырчалі галоўкі адуванчыка, у нізінах паміж асакою жаўцела лотаць. Гурскі.
2. чым. Змяшчаць шмат таго, што часта паўтараецца. І толькі параўняўся .. [Джыавані] з газетным кіёскам, які стракацеў вокладкамі розных часопісаў, як востры боль прастроміў яго плячо. Лынькоў. // перан. Змяшчаць шмат чаго‑н. аднароднага, што часта паўтараецца. Друк нацыянальна-вызваленчага руху стракацеў строфамі і вобразамі Купалы, асабліва ў допісах з месц. Таўлай. Таўбін любіў ужываць словы-абрубкі, яго юныя вершы часамі стракацелі іншамоўнымі слоўцамі. Шушкевіч.
страка́ціцца, ‑каціцца; незак.
Разм. Тое, што і стракаціць (у 1 знач.). [Лужок] аж звініць ад птушыных галасоў і аж стракаціцца ад матылькоў. Якімовіч.
страка́ціць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; незак., што.
1. Рабіць стракатым, надаваць стракаты выгляд. Скрозь лісце бярозы, пад якой сядзела Зоя, прасочвалася мяккае святло і стракаціла зямлю, лаўку, Зоіны рукі, сукенку. Пальчэўскі.
2. перан. Устаўляючы, уводзячы што‑н. у вялікай колькасці, рабіць неаднародным па саставу.