стракатаць, стракачу, стракочаш, стракоча; незак.

Утвараць строкат (пра некаторых насякомых, птушак). Блытаючыся, балбатаў цецярук і бесперастанку стракаталі конікі, пераскакваючы з травінкі на травінку і абтрасаючы, як жывое срэбра, кроплі расы. Пташнікаў. У глыбіні нечага надворка стракаталі і мільгалі белым воллем у нерухомым вішняку быстрыя сарокі. Адамчык. // Утвараць рэдкія кароткія і частыя гукі (пра матор, кулямёт і пад.). [Курт] нават не чуў, як стракатаў яго аўтамат, бо ўсё вухала, грымела, калацілася і мацней за ўсё, здавалася, білася сэрца. Сабаленка. Поле поўніцца жыццём — спорна і дробна стракоча жняярка. Мележ. // Хутка працаваць на чым‑н., што ўтварае строкат. Стракочуць [у фінаддзеле] арыфмометрамі, ляскаюць костачкамі лічыльнікаў, падрахоўваючы не толькі рублі, а і капейкі. Навуменка. Зіна стракатала на машыне, Люська чытала. Марціновіч. // перан. Разм. Хутка, бесперастанку гаварыць, балбатаць. — Шкада, панове, — стракатала Ядзя, — што ў нас есці няма. Новікаў. / у паэт. ужыв. І малы даверлівы шчыгол Аб сваіх прыгодах ёй [Галі] стракоча. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)