Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зневажа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зняважыць.

зневажэ́нне,

гл. зневажанне.

зне́куль, прысл.

Разм. Тое, што і аднекуль. І бягуць, і бягуць знекуль хвалі, без канца, без пачатку бягуць. Машара.

знелюбе́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Абрыдлы, нялюбы. Я скінуў .. знелюбелы мне святочны гарнітур, скінуў, як нейкі груз, што ўвесь час ціснуў мне на плечы. Лупсякоў. Я заўсёды любіў і люблю час крыгалому. І ў той раз ноччу я доўга не спаў, слухаючы, як гудзе зямля, скідаючы знелюбелыя зімовыя путы. Кірэенка.

знелюбе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Зрабіцца нялюбым; абрыднуць. Няма нічога сумнейшага, як сядзець сярод чатырох сцен, адарваным ад жыцця — сам сабе знелюбееш... Лупсякоў. Гэй, не адлятайце У вырай, журавы! Хіба знелюбелі Нашы паплавы? Лось.

знелюбі́ць, знелюблю, знялюбіш, знялюбіць; зак., каго-што.

Разм. Адчуць моцную непрыхільнасць, непрыязнасць да каго‑, чаго‑н.; неўзлюбіць. Віця за сённяшні дзень знелюбіў Апанаса. Можа, каб не ён, дык усё было б добра... Нядзведскі. [Шульцэ] адносіўся да Вольфа з прыкметнай пагардай, як бы падкрэсліваючы, што яны не раўня, і Вольф адразу знелюбіў яго. Мележ.

знелюдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і знялю́дзець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць нелюдзімым ад адзінокага жыцця; здзічэць. — Маніш, сумна адному. Так ты зусім знелюдзееш. Лупсякоў. [Штанюк] рэдка калі высоўваецца на вуліцу. І ў двор да яго не так лёгка дастукацца. Знялюдзеў чалавек. Нават з намі, суседзямі, не вітаецца. Сабаленка.

знемага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да знемагчыся.

2. Зал. да знемагаць.

знемага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да знемагчы.

знемагчы́, знемагу, зняможаш, зняможа; пр. знямог, знемагла, ‑ло; зак.

Страціць сілы, аслабець, дайсці да знямогі. Стаміўся ты, дружа, знямог І выбіўся з сіл. Ты шмат перамераў дарог Між пустак, магіл. Колас. Было ціха; здавалася, усё знемагло ад дзённай спёкі і, самлеўшы, чакала вечара і дажджу. Дуброўскі.