Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стометро́вы, ‑ая, ‑ае.

Роўны ста метрам. Стометровая вышыня.

стометро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Разм. Дыстанцыя ў сто метраў у спартыўных спаборніцтвах.

стомільённы, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да сто мільёнаў.

2. Колькасцю ў сто мільёнаў. Стомільённая тона вугалю. // Коштам, вартасцю ў сто мільёнаў.

сто́мленасць, ‑і, ж.

1. Стан стомленага; бяссілле. Стомленасць арганізма. □ Аднак жа .. [Андрэй] не разлічыў сваіх сіл і к канцу другога дня пачаў адчуваць вялікую стомленасць. Чорны.

2. Спец. Змяненне механічных і фізічных уласцівасцей матэрыялу пад уздзеяннем напружання і дэфармацыі. Стомленасць металу.

сто́млены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаміць.

2. у знач. прым. Абяссілены, змораны цяжкай работай ці якім‑н. іншым заняткам. Стомлены хлопец цяжка ўзняўся з сядзення, з сэрцам узяўся за .. лапату і .. стаў падкідваць вугаль. Лынькоў. Тады з неба — глыбокага звона — Горда падае стомлены жаўранак. А за ім доўга яшчэ Асыпаецца, як лісце з дрэў, Яго песня... Сіпакоў. / у знач. наз. сто́млены, ‑ага, м. Стомленаму прыемна легчы адпачыць на свежым духмяным сене. Машара. // Які выяўляе стомленасць. Як бы знарок марудзячы прызнавацца, чаго прыйшоў, Пазняк аглядаў стомленым позіркам сцены, увешаныя фотакарткамі. Дуброўскі. У акне адбіваўся крышку стомлены, немалады ўжо твар жанчыны, адбіваўся чырвоны шалік, шэрае паліто. Арабей.

сто́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць стомнага.

сто́мны, ‑ая, ‑ае.

Які прыводзіць да стомы.

сто́нчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад станчыць.

стоп, выкл.

1. Ужываецца як каманда ў значэнні: стой! спыніся! Стоп. На момант спынімся. Мехаў. — Стоп, машына, прыехалі! — Валодзька надзьмуў шчокі, важна спыніў «самазвал» і пачаў грузіць на яго розныя цацкі. Шымук. // Ужываецца як загад у значэнні: хопіць! даволі! годзе! [Валя:] — Стоп, стоп! Не вам гэта гаварыць. Вы не горш ведаеце, што Янус у рымлян меў два твары. Карпаў. // у знач. вык. Даволі, хопіць. [Настасся:] — [Пятру] не такая патрэбна была. Ты ж [Даша] што, правучылася да сямі класаў і — стоп, годзе, сказала. Ракітны.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні: спыніўся, спыніліся. Праедзем кіламетр — стоп, шына спусціла.

3. у знач. нескл. наз. Назва сігналу для прыпынку транспарту. Сігнал стоп.

[Ад англ. stop — спыняць.]

сто́пар, ‑а, м.

Спец.

1. Прыстасаванне для фіксацыі рухомых частак механізма ў пэўным становішчы. Аўтаматычны стопар. Стопар мікрометра.

2. Прыстасаванне для ўтрымання якарнага ланцуга, троса на судне.

3. Механізм для закрывання клапана ў сталеразліўных каўшах.

[Англ. stopper — корак, затычка.]