Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стаўралі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Мінерал класа сілікатаў чырванавата-бурага, бура-чорнага і жоўта-бурага колеру са шкляным бляскам.

[Ад грэч. staurós — крыж і lithos — камень.]

стаўры́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Марская прамысловая рыба сямейства акунёвых.

стаўчы́, стаўку, стаўчэш, стаўчэ; стаўчом, стаўчаце, стаўкуць; пр. стоўк, стаўкла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Раздрабняючы, ператварыць у парашок, зрабіць мяккім. Стаўчы соль. □ [Ульяна] выцягнула з печы чыгун з бульбай, абхапіла яго анучай і вынесла ў сенцы. Потым вярнулася, узяла качаргу, пайшла таўчы тую бульбу. — Давай я — узяўся [Кастусь] за качаргу .. [Ульяна:] — Як стаўчэш, дык накрый карыта анучай. Гаўрылкін.

2. Ачысціўшы зерне ад шалупіння, перапрацаваць яго на крупы. Стаўчы ячмень.

3. Вытаптаць, здратаваць, змясіць нагамі. Каровы стаўклі авёс. // Разм. Давесці да беспарадку (пра пасцель). Дзеці стаўклі ложак.

4. Разм. Збіць, пабіць каго‑н. [Рыжы:] — Я цябе стаўку на горкі яблык, можаш быць пэўны! Карпюк.

5. Таўкучы, змяшаць што‑н. з чым‑н. Стаўчы каляндру з перцам для прыправы. □ Распаранае зерне жыта, аўса, пшаніцы, гароху, рысу стаўчыце ў драўлянай ступе і, прыправіўшы адной-дзвюма лыжкамі алею, перамяшайце з мукой або вотруб’ем. Матрунёнак.

стаўчы́ся, стаўчэцца; стаўкуцца; пр. стоўкся, стаўклася, ‑лося; зак.

1. Стаць дробным, мяккім у выніку таўчэння. Соль дробна стаўклася.

2. Ачысціцца ад шалупіння.

3. У працэсе таўчэння змяшацца. Авёс з пшаніцай добра стаўкліся.

4. Абл. Стоўпіцца, сабрацца ў гурт. Каровы стаўкліся ў кучу. Мурашка.

стафа́ж, ‑у, м.

У пейзажным жывапісе — другарадныя элементы кампазіцыі карціны (людзі, жывёлы і пад.).

[Ням. Staffage.]

стафа́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стафажу, з’яўляецца стафажам.

стафілако́к, ‑а, м.

Род хваробатворных бактэрый, якія пры размнажэнні ўтвараюць аб’яднанні шарападобных клетак накшталт вінаградных тронак.

[Ад грэч. staphylē — гронка і kokkos — зерне.]

стафілако́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стафілакока, выклікаецца стафілакокам. Стафілакокавая інфекцыя.

стаха́навец, ‑наўца, м.

Рабочы — наватар вытворчасці, які дабіўся высокай прадукцыйнасці працы (назва, пашыраная ў СССР у 30–40 гг.). // Перадавы працаўнік. Ніканор — адзін з лепшых стаханаўцаў у калгасе. Бядуля.

[Ад уласн. імя.]

стаха́наўка, ‑і, ДМ ‑наўцы; Р мн. ‑навак; ж.

Жан. да стаханавец.