Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пры́казка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Устойлівае вобразнае выслоўе павучальнага зместу, якое носіць абагульняючы характар. Нічога ў спадчыну не даў мне бацька, Апроч вядомай прыказкі людской: «Менш гавары, а болей слухай, Сёмка». Глебка. «Ліслівае цяля дзве маткі ссе». Вы гэту прыказку напэўна чулі ўсе. Крапіва.

2. Прыгаворка, зачын казкі. Гэта прыказка, а казка наперадзе.

пры́казкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыказкі, з’яўляецца прыказкай. Прыказкавы выраз. Прыказкавая форма. □ На другім месцы па колькасці сабранага прыказкавага матэрыялу стаіць Слонімскі павет. Саламевіч.

прыка́зны, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які мае адносіны да прыказа.

прыка́зчык, ‑а, м.

Уст.

1. Наёмны служачы ў купца або ў гандлёвай установе, які выконваў даручэнні гандлёвага характару і па даручэнню гаспадара займаўся гандлем у магазіне; прадавец. [Бацька] наймаўся ў лясных купцоў прыказчыкам пры сплавах. Бядуля. — Хоць пару фунтаў [хлеба], Мікалай Ігнатавіч, — папрасіла .. [Ганна] маладога рухавага прыказчыка. Гартны.

2. Служачы ў маёнтку, які кіраваў гаспадаркай памешчыка і выконваў розныя гаспадарчыя даручэнні.

прыка́зчыца, ‑ы, ж.

Уст.

1. Жан. да прыказчык (у 1 знач.).

2. Жонка прыказчыка.

прыка́зчыцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыказчыка; такі, як у прыказчыка. Прыказчыцкае месца. Прыказчыцкія манеры.

прыкало́цца, ‑колецца; зак.

Разм. Прымацавацца шпількай, іголкай і пад.

прыкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.

1. што. Прымацаваць што‑н. да чаго‑н. укалоўшы або пры дапамозе шпількі, іголкі і пад. Прыкалоць кветку да валасоў. □ Пасля [салдат] зняў з сваёй пілоткі зорачку, прыкалоў яе хлопцу на кашулю. Гамолка.

2. каго. Забіць або дабіць чым‑н. колючым; закалоць. Прыкалоць кабана. □ Валька, загнаўшы .. [фашыста] ў тупік, прыкалоў штыком. Быкаў.

прыкамандзірава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыкамандзіраваць.

прыкамандзірава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыкамандзіраваць.