Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эстафе́та, ‑ы, ДМ ‑феце, ж.

1. Даўней — тэрміновая пошта, данясенне, адпраўленыя конным пасланцом. Аднойчы бацька паслаў мяне з нейкай запіскай да суседа-лесніка, так, па эстафеце, ад аднаго да другога перадавалася пошта лясніцтва. Шамякін. // Пісьмо, данясенне і пад., якія дастаўляліся такой поштай. — О, сапраўды важная справа! — усклікнуў Валерый, прачытаўшы першыя радкі эстафеты. Якімовіч.

2. Спаборніцтва каманд на скорасць (па бегу, плаванню і пад.), калі на пэўнай частцы дыстанцыі бегуна або плыўца змяняе яго таварыш, беручы ад свайго папярэдніка ўмоўлены прадмет. // Спецыяльны прадмет, які перадаецца пры такіх спаборніцтвах. / у перан. ужыв. Пяцьдзесят гадоў нясе савецкая моладзь, наш Ленінскі камсамол эстафету працоўнай і ратнай доблесці і славы, перадаючы яе ад пакалення да пакалення. Машэраў. У небе лятаюць сокаламі Сягоння мае равеснікі. Эстафету бацькоў высока У светлую даль панеслі. Маркевіч.

•••

Прыняць эстафету гл. прыняць.

[Фр. estafette ад іт. staffa — стрэмя.]

эстафе́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эстафеты, з’яўляецца эстафетай. Як эстафетную палачку, круглы год перадавалі.. [Юзіка] аднавяскоўцы з хаты ў хату. Хадановіч.

эсто́нец,

гл. эстонцы.

эсто́нка,

гл. эстонцы.

эсто́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эстонцаў, які належыць, уласцівы ім. Эстонская мова.

эсто́нцы, ‑аў; адз. эстонец, ‑нца, м.; эстонка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. эстонкі, ‑нак; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Эстонскай ССР.

эстраго́н, ‑у, м.

Від палыну з вялікай колькасцю эфірных алеяў, які ўжываецца ў якасці вострых прыпраў.

[Фр. estragon.]

эстраго́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эстрагону. Эстрагонавы ліст. Эстрагонавы корань. // Прыгатаваны з эстрагону, з эстрагонам. Эстрагонавы воцат. Эстрагонавая гарчыца.

эстраго́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і эстрагонавы.

эстра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Падмосткі для канцэртных выступленняў артыстаў. Больш таго — ім [Алесю і Андрэю] удалося нават сядзець бліжэй да адкрытай эстрады, бачыць яе, спявачкі, прыгажосць, святло яе натхнення. Брыль. У куце, на эстрадзе, размясціўся аркестр з серабрыстым, акаймаваным чырвонымі кутасікамі, барабанам у цэнтры. Хадкевіч.

2. Від сцэнічнага мастацтва, які ўключае малыя формы драматычнага, вакальнага мастацтва, музыкі, харэаграфіі, цырка і пад. // Артысты эстраднага мастацтва. У Гомелі з поспехам прайшлі канцэрты Украінскай рэспубліканскай эстрады. «ЛіМ».

[Фр. estrade.]