Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экзаменацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які звязаны з экзаменамі, прызначаны для экзаменаў. Экзаменацыйная камісія. □ Дзяўчына спачатку глядзела на адзнакі ў Клавіным. атэстаце, потым даведкі перагарнула і спынілася на экзаменацыйным лістку. Кавалёў. Мне здавалася нават, што ён [экзаменатар] рыхтаваўся паставіць добрую ацэнку, бо ўсё нешта шукаў маё прозвішча ў экзаменацыйным журнале. Хведаровіч.

экза́рх, ‑а, м.

Гіст.

1. Галава жрацоў пры храме ў старажытнай Грэцыі.

2. Гіст. Намеснік імператара ў якой‑н. вобласці Візантыйскай імперыі.

3. У праваслаўнай царкве — галава асобнай царкоўнай вобласці ці самастойнай царквы.

[Грэч. éxarchos — галава, начальнік, намеснік.]

экзарха́т, ‑а, М ‑хаце, м.

Гіст. Вобласць, на якую распаўсюджваецца ўлада экзарха.

экзаты́зм, ‑у, м.

Тое, што і экзотыка.

экзаты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць экзатычнага. Экзатычнасць прыроды. Экзатычнасць касцюма.

экзаты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы асобным, малавядомым, далёкім краінам; незвычайны для гэтай мясцовасці. Экзатычныя расліны. □ Стаяла моладзь каля гэтай сахі, нібы каля якой экзатычнай жывёліны ў заапарку, усё не давала веры — няўжо ёю можна было абрабляць зямлю? Місько. Крымскія санеты [А. Міцкевіча] ў перакладзе М. Танка раскрываюць іх ідэйную сутнасць, удала перадаюць велічную экзатычную прыроду Крыма. Лойка.

2. перан. Дзівосны, вычварны, які здзіўляе сваёй незвычайнасцю. Экзатычная музыка. □ Экзатычнае адзенне сароміла Кузьму, таму ён нібы прыклеіўся да зэдліка ў парозе. Новікаў.

экзатэрмі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Звязаны з вылучэннем. аддачай цеплыні. Экзатэрмічная рэакцыя. Экзатэрмічны працэс.

[Ад грэч. éxō — і thérmē — цяпло, цеплыня.]

экзатэры́чны, ‑ая, ‑ае.

Агульнадаступны, прызначаны для неазнаёмленых; проціл. эзатэрычны.

[Ад грэч. exōterikós — знешні.]

экзеквату́ра, ‑ы, ж.

1. Дазвол, выдадзены замежнаму консулу ўрадам той дзяржавы, у якую ён назначаны. на права выканання службовых функцый. Консульская экзекватура.

2. Пастанова судовых органаў дадзенай краіны аб выкананні рашэння замежнага суда.

[Ад лац. exsequor — выконваю.]

экзеку́тар, ‑а, м.

1. Чыноўнік, які загадваў гаспадарчымі справамі і наглядам за знешнім парадкам у якой‑н. дзяржаўнай установе царскай Расіі.

2. Уст. Той, хто ўчыняў экзекуцыю або кіраваў ёю.

[Ад лац. exsecutor — выканаўца.]