чыні́цца, чыніцца; незак.
1. Рабіцца, дзеяцца. Палякі загадалі праз войта сабраць па дзесяць пудоў сена і саломы з двара. А перад гэтым збіралі розную жыўнасць: кур[эй], парасят, сала. Колькі калатні і ляманту было па вёсцы. А ўсякае супраціўленне каралася жорстка, і расправа чынілася на месцы. Колас. Допыты чыніліся [гестапаўцамі] кожную ноч. Спачатку толькі вялі допыт — абразліва, груба. Потым пачалі біць. «Маладосць».
2. Зал. да чыніць.
чыні́ць, чыню, чыніш, чыніць; незак., што.
1. Рабіць, учыняць, тварыць. Чыніць суд і расправу. □ Ніякай бяды.. [рака] ніколі не чыніла: не пагражала людзям разлівам, не размывала берагоў, не шумела злоснай пенай. Кулакоўскі. Як у хаты рабункі чыніць Панаедуць чужыя салдаты, Сэрца ўраз зашчыміць, зашчыміць — Бо ўмясціла ўсе хаты. Куляшоў. Запас бяды не чыніць. Прымаўка. // Ствараць, утвараць; ставіць. Амерыканскія ўлады чынілі розныя перашкоды савецкім журналістам. «ЛіМ».
2. Рабіць кудзелю. Дзяўчаты чынілі кудзелю.
чы́ннасць, ‑і, ж.
1. Кніжн. Дзейнасць. Тым жа часам камсамольская ячэйка і яе сакратар набывалі ў Затонні ўсё большае значэнне, у меру таго, як разгортвалі яны сваю чыннасць. Колас. Першым актам чыннасці вясковых камсамольцаў было зруйнаванне «святога калодзежа». Навуменка.
2. Уласцівасць чыннага (у 2 знач.). Колькі чыннасці, пагляньце, Колькі важнасці ў хадзе! Туфлі рыпаюць пад глянцам: «Прэч з дарогі! Туз ідзе!». Гілевіч. А ў залах тых чынна. Манішкі і фракі. Не верце ў чыннасць! Вось доларам бразнуць — І зноўку на мір наш пачнуцца атакі. Панчанка.
чы́ннік, ‑а, м.
Кніжн. Фактар. [Праца] зрабілася магутным чыннікам у пабудове вышэйшага грамадскага ладу — сацыялізма. «Беларусь».
чы́нны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Дзейсны, актыўны; непасрэдны. Ігнат быў камсамольцам. Ён браў чынны ўдзел ва ўсім камсамольскім жыцці. Лынькоў. Самы чынны ўдзел браў я ў рабоце школьнага літгуртка. Мележ.
2. Прасякнуты важнасцю, саліднасцю. Стараліся быць мужчынамі. Начлег нам здаваўся казкай. І з выглядам самым чынным Насілі вайсковыя каскі. Маркевіч.
чыно́ўнік, ‑а, м.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі і буржуазных краінах — дзяржаўны служачы. Я падаў чыноўніку свой дакумент — чорную кніжку з гербам Савецкага Саюза на вокладцы і залацістымі літарамі: «Службовы пашпарт». Новікаў.
2. перан. Асоба, служачы, які выконвае сваю работу фармальна, раўнадушна, без жывога інтарэсу, строга па інструкцыі. [Ладынін:] — Малады чалавек, а такі... чыноўнік. Нічога яго не хвалюе, не радуе. Шамякін.
чыно́ўніца, ‑ы, ж.
Жонка чыноўніка (у 1 знач.).
чыно́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чыноўніка, чыноўніцтва. На тым, што гуляў фігуркамі, быў сціплы чыноўніцкі сурдут: ён служыў на чыгунцы і нават з аблічча быў тыповы служачы — ціхі, сціплы, светлавалосы, з трохі вінаватай усмешкаю. Караткевіч. Выступленне [Яўгеніі Васільеўны], можа, і прагучала крыху дзіўна для тых, хто прывык да чыноўніцкай сухасці і цвілі, ад якіх вяне лісце. Хадановіч.
чыно́ўніцтва, ‑а, н., зб.
1. Чыноўнікі. Гарадское чыноўніцтва.
2. перан. Бюракратычна-фармальныя адносіны да сваёй працы, раўнадушныя адносіны да людзей. Адкуль у яго тое чыноўніцтва.
чыно́ўны, ‑ая, ‑ае.
Уст.
1. Які мае які‑н. чын або служыць на дзяржаўнай службе. У нашым пасёлку жылі пенсіянеры-чыгуначнікі і іншы чыноўны люд, выгнаны імперыялістычнай вайной з заходніх раёнаў і іншых далёкіх мясцін. Навуменка.
2. Які мае адносіны да чыноўніка (у 1 знач.). Да 1905 года легальны друк у Расіі цалкам залежаў ад чыноўнай бюракратыі. «Полымя».