цукры́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які змяшчае ў сабе значную колькасць цукру (у 1 знач.). Цукрысты плод.
2. Які мае структуру цукру (у 2 знач.). Цукрыстыя рэчывы.
цуна́мі, нескл., н.
Гіганцкія ўсёразбураючыя хвалі, якія ўзнікаюць на паверхні акіяна ў час падводных землетрасенняў. Глей узняўшы, як кроў, руды, На дрыготкі бераг цунамі бягуць, Хмарачосы з чыгуннай вады. Караткевіч.
[Япон.]
цу́панне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цупаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Гуд калгасных малатарань прыглушыў мернае цупанне цапоў. Мележ.
цу́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Біць (звычайна цэпам), утвараючы прыглушаны стук. [Чыкілевіч:] — Ты [Пракоп] адзін цупаеш цэпам і рукі дранцвеюць, падымацца не хочуць. А стануць чатыры малацьбіты ды як жарнуць — адкуль яно што і возьмецца. Колас.
2. Ісці, крочыць. За .. [Верай Ігнатаўнай] цупае дзяўчынка-падростак і нясе невялікі чамаданчык. Пестрак. Конік бадзёра цупае па дарозе, памахвае доўгім хвастом. Навуменка.
3. Хапаць рукой за што‑н.
цу́пкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Цвёрды, жорсткі; каляны. Сядло рыпела цупкай, новай яшчэ сырыцай. Галавач. [Салдаты] курылі і паціху гаманілі, жавалі глёўкі хлеб, хтосьці прышываў гузік да цупкага мокрага шыняля. Грахоўскі. Адскочылі цупкія, з дзіцячы кулачок, абабкі. Вышынскі.
2. Тупкі; не вязкі, не рыхлы. Там [каля яблынькі] быў ужо цупкі астравок, бо каля яблыні зямля не ўскапана. Кулакоўскі. Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен. Капыловіч.
цур, выкл.
Разм. Вокліч, якім што‑н. забараняецца або патрабуецца выконваць які‑н. угавор, умову (звычайна ў гульнях). — Толькі, цур, угавор: калі захачу ісці дадому — не затрымліваць мяне! — папрасіў .. [Грушэўскі] наіўна. Карпюк.
цура́, ‑ы, ж.
Страва з пакрышанага ў квас або ў ваду хлеба з соллю, цыбуляй, а часам з алеем; рулі. Самі ж камунары харчаваліся.. цурой ды аўсяным кісялём. Дуброўскі.
цура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каго-што.
1. Пазбягаць каго‑, чаго‑н.; ухіляцца ад зносін з кім‑н., ад выканання чаго‑н. Не зведаў хлапчук .. пяшчотаў змалку і цяпер цураўся іх. Пальчэўскі. [Сымон:] — Ды гэта і няважна, дзе чалавек аблюбуе сабе прыстанішча — у вёсцы ці ў горадзе, важна тое, каб свайго люду не цураўся. М. Ткачоў. Заўсёды жартаўлівы і вясёлы, ён [Міхал], здавалася, ніколі ні на каго не крыўдаваў, не цураўся ніякай працы. Машара.
2. Адракацца ад каго‑, чаго‑н., выракацца каго‑, чаго‑н. [Ціток:] — Хоць ты бяры, чалавек, ды сваёй хаты цурайся. Лобан.
цурба́к, ‑а, м.
Разм. Тое, што і цурбан (у 1 знач.). Бацька ў паддзёўцы, хоць на двары душна, расколвае цурбакі на паленне. Хадкевіч. Лазар сядзеў на цурбаку і расказваў пра сваю маладосць. Жычка.
цурба́лак, ‑лка, м.
Разм. Кусок дрэва; абрубак. Старая падставіла цурбалак. Валодзя стаў на яго. Хомчанка.