упапа́д, прысл.
Дарэчы, слушна. Рыгор разумеў Сёмку, і калі судзіў аб ім, то судзіў упапад. Гартны.
упапяро́к, прысл. і прыназ.
Тое, што і упоперак. Вось шырокае палатно ніў. Як вокам акінуць, цягнуцца яны далёка к лесу, за ўзгорак. Глядзець упапярок — зліты, суцэльны. Гартны.
упара́дкаванасць, ‑і, ж.
Уласцівасць упарадкаванага (у 2 знач.). Упарадкаванасць бібліятэкі.
упара́дкаванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. упарадкаваць.
упара́дкаваны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад упарадкаваць.
2. у знач. прым. Прыведзены ў парадак. Упарадкаваны пакой.
упара́дкавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.
1. Навесці ў сябе належны парадак, справіцца з чым‑н., ухадзіцца. [Бацька:] — Дык ты [сын] едзь... але пачакай: з’ездзіш па клункі .. Упарадкуйся тут. Бо не будзе чакаць ярына: авёс жа трэба сеяць. Баранавых. // Пайсці на лад, наладзіцца. Жыццё горада паступова ўпарадкавалася.
2. Стаць добраўпарадкаваным. Разросся горад над Пінай, паглынуў ваколіцы і ўпарадкаваўся, папрыгажэў. В. Вольскі.
упара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Прывесці што‑н. у пэўны парадак. Калгасы адбудаваліся, упарадкавалі палі, аднавілі жывёлагадоўчыя фермы. Хадкевіч. Белай паперай заслалі [Валька і Тася] стол, упарадкавалі на этажэрцы кніжкі, яркую, радасную фіранку павесілі на акно. Мікуліч. У дзяжурным памяшканні Таня яшчэ раз агледзела ліхтарык, падрыхтавала зусім новенькія жоўтыя сцяжкі, упарадкавала куфэрак, які звычайна брала ў дарогу. Даніленка. // і без дап. Навесці парадак дзе‑н. [Марына] упарадкавала ў хаце, узяла серп на плячо. Кавалёў. // Уладзіць; вырашыць. Пакуль дырэкцыя ўпарадкуе справы на новым месцы, мы ўсе адпачываем пасля цяжкага падарожжа і знаёмімся з горадам. Сяргейчык. // і каго. Давесці да ладу, уладкаваць. [Кажамяка:] А ўжо ж, як упарадкую дачку, дык трэба будзе заглянуць. Гурскі.
2. Добраўпарадкаваць. Упарадкаваць гарадскія кварталы. □ [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Трэба спачатку ўпарадкаваць дарогу, тады не будзе такога становішча. — Добра, я падумаю, пашукаю выйсця, — згадзіўся Бедыкоўскі. Мяжэвіч.
упарадко́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. упарадкоўваць — упарадкаваць.
упарадко́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да упарадкавацца.
2. Зал. да упарадкоўваць.
упарадко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да упарадкаваць.