Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упо́бачкі, прысл.

Абл. Побач. Ззаду за падводамі на поле ішлі Міхал з Грасыльдай, ішлі ўпобачкі, плячо ў плячо, гаманілі моцна — на ўвесь Земфонд — і размахвалі, размахвалі рукамі. Пташнікаў.

упо́дбег, прысл.

Абл. Подбегам. Марцін збочыў з поля на шлях, кульгаючы, уподбег дагнаў калёсы і сеў. Мележ. Звычайная рабочая хада ў Яраша такая, што побач з ім трэба ісці ўподбег, каб не адстаць. Шамякін.

упо́дбежкі, прысл.

Абл. Подбегам. Убачыўшы Тэклю, .. [Алёшка] ўподбежкі кінуўся да калодзежа з усмешкай бесклапотнага і вясёлага хлапца. Краўчанка. Дзяўчына завярнула назад і ўподбежкі стала ўцякаць ад Рыгора. Гартны.

упо́дбежку, прысл.

Абл. Подбегам. За.. [Гнібам] тупае ўподбежку Ярыга. Лынькоў. Небяспечныя месцы стараліся прайсці як не ўподбежку. Місько.

упо́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад упаіць.

упо́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да упойваць.

упо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упаіць.

упо́кат, прысл.

Разм. Адзін пры адным, у беспарадку, як папала (ляжаць, спаць і пад.). Хлопцы спалі на нарах у кутку ўпокат і трымаліся адной сям’ёй у працы і ў барачным жыцці. Пестрак. Ляжаць упокат зваленыя сосны, Галлё і друз паскіданы ў лаўжы. Панчанка.

упо́л, прысл.

Разм. Пасярэдзіне. Клунак перавязаны ўпол. □ Пнёў .. [у садзе] было шмат, а іншыя дрэвы зломаны ўпол і ўжо абраслі маладымі парасткамі. Кулакоўскі.

•••

Узяць (схапіць) упол каго гл. узяць.

упо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Запомніць, утрымаць у памяці. Дзе ты ўсё ўпомніш.