Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упра́ва 1, прысл.

У правы бок; проціл. улева. Дарога паварочвала то ўправа, то ўлева. Краўчанка. Стрэлка манометра пасоўвалася ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі. Васілёнак.

упра́ва 2, ‑ы, ж.

1. Установа, якая ведала грамадскімі, саслоўнымі і адміністрацыйнымі справамі ў дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама будынак, дзе яна размяшчалася. Земская ўправа. Валасная ўправа. Гарадская ўправа.

2. Сіла, якая абмяжоўвае чыё‑н. самавольства, дэспатызм; мера ўздзеяння на каго‑н. Людзі голасам галасілі ад панскай ласкі. Шукалі дзе якую ўправу на яснавяльможнага. Сабаленка. Нашто зямля іх, катаў, носіць? Ой, хто ж ад іх не загалосіць? А дзе на іх шукаць управы, Бо суд «праўдзівы», суд «ласкавы» Паноў за здзекі не карае? Колас. — На п’янства, нябось, ёсць управа, а чаму ж гэтых курцоў не караюць, — сказала .. [жанчына] з нейкай крыўдай і змоўкла. Адамчык.

управа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упрэць (у 1, 2 знач.).

упра́віцца, упраўлюся, управішся, управіцца; зак.

1. з чым і без дап. Паспець скончыць, завяршыць што‑н. у тэрмін; ухадзіцца з чым‑н. Пакуль змеркне, кожны з нас стараўся ўправіцца з работаю. Чорны. Кароўнік дзед Жораў управіўся скончыць якраз у пару. Паслядовіч. [Андрэй:] — Снапы ў гумне, тата. — У гумне? — У гумне. Управіліся да дажджу. Чарнышэвіч. // Даць рады чаму‑н., справіцца з чым‑н. Станіслаў упарціўся: было сорамна — які ён жаніх. Але і выйсця не знаходзіў. Аднаму з гаспадаркай не ўправіцца. Асіпенка. Цётка Гануля .. абяцала схадзіць [да Мікодыма], як толькі ўправіцца з хатнімі клопатамі. Марціновіч. [Рыбак] не стукаў, дзверы былі не запёртыя, управіцца з імі яму, колішняму вясковаму жыхару, было звыкла, .. і дзверы, трошкі рыпнуўшы, расчыніліся. Быкаў.

2. Паспець за які‑н. тэрмін схадзіць або з’ездзіць куды‑н. і вярнуцца назад. [Косця:] — Можа выбраць вольны час ды пад’ехаць самому — Маладзечна не так далёка, за дзень управіўся б. Адамчык.

3. Змагчы, паспець зрабіць што‑н. Мартын не ўправіўся адказаць: з боку лесу пачулася глухое тухканне ног па мяккай зямлі. Колас. — Фш-шы-ых-х! — прашыкаў звер. Стары ледзьве ўправіўся адскочыць убок. Масарэнка.

4. Адолець, стрымаць каго‑, што‑н., падпарадкаваць сваёй волі. — Адно толькі незразумела, — дадаў.. [студэнт]. — Як.. [рысь] злавіла яго? Алень малады і дужы, як гэта яна ўправілася. В. Вольскі. [Аляксандр:] — Цара скінулі — не пабаяліся, Керэнскаму па загрыўку далі, і з гэтымі ўправімся. Грахоўскі. Гнядок стрыгануў вушамі, збочыў з дарогі і панёсся проста па раллі. Бацька ледзь-ледзь управіўся з канём. Васілёнак.

упра́віць, упраўлю, управіш, управіць; зак., каго-што.

1. Уставіць на месца што‑н. вывіхнутае. Дзед Беласпай управіў Паўліку вывіхнуты сустаў, і хлопчык ужо мог наступаць на хворую нагу. Беразняк.

2. Разм. Усунуць, уставіць што‑н. куды‑н. Шульц раздзьмуў мяхі і ўправіў у агонь кавалак жалеза. Гартны. Каб зрабіць больш-менш паслухмяным [бугая], яму патрэбна было ўправіць у ноздры кальцо. Ракітны.

3. Разм. Аддаць, прадаць. [Залман:] — Гэтулькі лесу чорту лысаму ўправіць! Лобан.

4. Разм. Даць увязнуць, увагнаць у што‑н. вязкае, грузкае. Так управіў воз у гразь, што ледзь выцягнулі. □ Цётка Іваніха зачыняе вароты, паказвае на дарогу: — Глядзіце ж, кабылу на.. грэблі не ўпраўце. Васілевіч.

5. Разм. Дагледзець, зрабіць усё па гаспадарцы. Маці працавала, мабыць, больш за нас усіх, разам узятых. Падумаць толькі! Дагледзець скаціну, управіць гаспадарку, напрасці і наткаць палатна і сукна на ўсю сям’ю. Дубоўка. [Андрэіха:] — Ай, Яўхім! Дзе б ты адным сваім канём дзве гаспадаркі ўправіў. Чарнышэвіч. Прошаным канём гаспадаркі не ўправіш. Прыказка.

6. перан. Разм. Загубіць каго‑, што‑н. Прыпала Зося губамі да болькі і заекатала, зайшлася з плачу.. Валасы рвала на сабе, праклінала, што сама сваё дзіця ўправіла. Крапіва.

упрага́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. упрагаць — упрэгчы.

упрага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да упрэгчыся.

2. Зал. да упрагаць.

упрага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упрэгчы ​1.

упрада́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да упрасціся.

2. Зал. да упрадаць.

упрада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упрасці.

упра́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад упрасці.