упэ́ўненасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць упэўненага. Упэўненасць рухаў. Упэўненасць паходкі.
2. Перакананасць у чым‑н. У кожнага з’явілася цвёрдая ўпэўненасць, што калі на другім ствале, дасталі калійную соль, то дастануць яе і па астатніх. Кулакоўскі. Хаця хлопчык у глыбіні душы і адчуваў, што, запрасіўшы Рыгорку ўдзельнічаць у канцэрце, ён зрабіў правільна, але цвёрдай упэўненасці ў гэтым не было. Курто.
3. Усведамленне сваёй сілы, магчымасцей, рашучасць у дзеяннях. [Максім:] — У каго больш вытрымкі, розуму, самакантролю, упэўненасці, той перамагае. Няхай. Алеся [Пракоп] вабіў сілай і ўпэўненасцю, што ішла ад ягоных няспешлівых і разважлівых рухаў. Шыцік.
упэ́ўненне, ‑я, н.
Заява, якая мае на мэце пераканаць каго‑н. у чым‑н., даказаць што‑н. Прыміце мае ўпэўненні.
упэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад упэўніць.
2. у знач. прым. Які цвёрда верыць у што‑н., перакананы ў чым‑н. Сын быў упэўнены, што ёсць адна рэвалюцыйная праўда. Чорны. Клаўся ставы спаць ужо нават упэўнены, што Лапця недзе ў партызанах. Кулакоўскі. // Перакананы ва ўласных сілах, які спадзяецца на сябе. Рос [Быстроў] дужым, вынослівым і ўпэўненым у сабе. Мележ. // Які выражае ўпэўненасць, перакананасць. Васіль Іванавіч стаяў па трыбуне і ўпэўненым голасам расказваў аб дасягненнях жывёлаводаў. Шашкоў. Ва ўсіх па змораных тварах разгубленасць, і толькі ў Чыжыка ўпэўнены погляд. Лупсякоў.
3. у знач. прым. Рашучы, энергічны. Тацяна ўпэўненымі гаспадарчымі рукамі ўпарадкавала небагатыя клумкі Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Не ў пошуках хлеба, зямлі ці заробку, З Прыпяці трапілі людзі сюды, — На заклік Радзімы ўпэўненым крокам Прыйшлі будаваць яны край малады. Жычка. Рухі ў.. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыжаныя. Карпаў.
•••
Будзь упэўнены — не сумнявайся, не турбуйся, усё будзе так, як трэба.
упэ́ўнівальны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае ў сабе ўпэўненне ў чым‑н. Упэўнівальны ліст.
упэ́ўніванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. упэўніваць — упэўніць.
упэ́ўнівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да упэўніцца.
2. Зал. да упэўніваць.
упэ́ўніваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да упэўніць.
упэ́ўніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Цвёрда паверыць у што‑н., пераканацца ў чым‑н. Суддзі нарэшце ўпэўніліся, што ад сведак, якіх прывозілі адразу з астрога ў суд, карысці мала. Машара. Усе ўпэўніліся, што Канстанцін Раманавіч апроч таго, што дзелавы і прынцыповы, дык яшчэ просты і шчыры чалавек. Гроднеў.
упэ́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго.
Прымусіць паверыць у што‑н., пераканаць у чым‑н. [Чарноў] бачыў і разумеў, што Міхалу яго выбар не падабаецца, і стараўся як мага растлумачыць, упэўніць яго, што «Урал» добры конь. Васілевіч. Два наступныя допыты толькі ўпэўнілі капітана ў віноўнасці абодвух затрыманых. Асіпенка.
упэ́цканы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад упэцкаць.