Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сцёк, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцякаць — сцячы; цячэнне вады па нахіленай плоскасці. — У гэтым і ўся сутнасць, — сцвердзіў Пажытны. — Хоць траншэя тут асабліва, глыбокая, але затое дадзім вадзе сцёк. Сапрыка.

2. Спец. Колькасць вады, што сцякае ў раку, возера, акіян за пэўны перыяд. Нават прэснай вады на Зямлі больш чым даволі — з агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк планеты можна яе выдаць кожнаму чалавеку па дзесяць тысяч кубаметраў. «Полымя».

3. Рышток, рына, раўчук і пад., па якіх сцякае вада. Пад лямант, што чуўся з пральні, ён ужо быў дабраўся да памыйнага сцёку сярод двара, калі яму сустрэлася другая прыкрасць. Брыль.

4. Уст. і спец. Маса вадкасці, якая сцякае адкуль‑н.; паток. Забруджванне ракі сцёкамі з прамысловых прадпрыемстваў забараняецца.

сцёкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які сцякае куды‑н. Сцёкавыя воды.

2. Які мае сцёк (пра вадаёмы). Сцёкавае возера.

3. Прызначаны для сцёку чаго‑н. Сцёкавая труба.

сцёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцерці.

2. у знач. прым. Пашкоджаны трэннем, дотыкам або тонкі ад доўгага ўжывання. Сцёрты мядзяк. □ Іліко пакрыху прывыкаў да .. работы, ужо не так балелі распараныя ногі і сцёртыя рукі. Самуйлёнак. // перан. Які страціў арыгінальнасць, своеасаблівасць. Сцёрты эпітэт. □ Гэтыя радкі куды больш пераконваюць, чым гучныя, правільныя, але сцёртыя словы некаторых газетных вершаў. Грахоўскі.

сці́брыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Разм. Украсці. — Славяне, хто конаўку сцібрыў? — гукнуў хтосьці на ўсю зямлянку. Васілёнак. — Не шукайце, бацька, — сказаў Тарасюк. — У нас рэчавы мяшок за ноч нехта сцібрыў, заадно ён і вашу махорку прыхапіў з сабою. С. Александровіч.

сці́жма, ‑ы, ж.

Разм. Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Сціжма народу. □ Уся зямля, .. здавалася, імкліва падымалася ўгору, насустрач застыглай у паветры сціжме срабрыстага пуху. Паслядовіч. Аднаго жыта па кілаграму на працадзень. Было б, можа, і больш. Але ж статку сціжма. Мыслівец.

сцізо́рык, ‑а, м.

Невялікі складаны кішэнны нож. Стась прыўзнімаецца, дастае з кішэні сцізорык, пачынае стругаць лазовы прут. Асіпенка. У бацькі ёсць сцізорык са штопарам і шылам. Хомчанка.

сці́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Подсцілка з тонкай скуры, тканіны і пад., якая ўкладваецца ў абутак і прымацоўваецца знутры да падэшвы абутку.

сці́лкавы, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для вырабу сцілак. Сцілкавы кардон.

сці́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па ўкладванню і рассцілцы торфу для сушкі.

сці́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да сцільшчык.