прэмірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.
Узнагародзіць (узнагароджваць) прэміяй. — Прыёмнік трэба. Такога бацьку, — .. [Аржанец] усміхнуўся, гледзячы на старога, — трэба прэміраваць самым найлепшым. Брыль. Праўленне калгаса, праводзячы Захарку на пенсію, прэміравала свайго ветэрана стрэльбай. Сіняўскі. // Адзначыць прэміяй адмысловыя якасці каго‑, чаго‑н. Прэміраваць пародзістую сабаку. Прэміраваць песню.
прэміро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Разм. Прэмія, прэміравальныя грошы, рэчы і пад. — Ведаем, хоча ў стаханаўкі папасці і ўсю прэміроўку сабе забраць, — пажартавала Антаніна. Васілевіч.
прэ́мія, ‑і, ж.
1. Грашовае або іншае матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі і пад. Міжнародная Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі». □ Некалі да калектывізацыі Шаройка штогод атрымліваў прэміі за лепшага ў раёне каня, за лепшую свінаматку, за найвышэйшы ўраджай бульбы. Шамякін. [Фёдар Сапожнікаў] прадстаўлены да Ленінскай прэміі за распрацоўку і ўкараненне новых метадаў будаўніцтва цеплавых электрастанцый са сборнага жалезабетону. Дадзіёмаў. // Дадатковая грашовая ўзнагарода да заработнай платы за перавышэнне вытворчых норм. Прэмія за перавыкананне плана.
2. Спец. Грашовая сума, якая выдаецца некаторымі ўрадамі як заахвочванне за вываз некаторых тавараў. Экспартныя прэміі.
3. Спец. Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.
4. Спец. Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.
5. У дарэвалюцыйнай Расіі — бясплатны дадатак да часопіса або газеты, а таксама бясплатная прыдача пры пакупцы некаторых тавараў.
•••
Нобелеўская прэмія — міжнародная прэмія за адкрыцці ў навуцы, за поспехі ў літаратуры і пад., якая прысуджаецца з працэнтаў на капітал, завешчаны шведскім прадпрыемцам А. Нобелем.
[Ад лац. praemium — узнагарода.]
прэмія́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прэміі. Прэміяльная сістэма заахвочвання. Прэміяльны фонд. // Які з’яўляецца прэміяй. Прэміяльныя грошы. □ З дому выйшаў дзед Аўсей З прэміяльным патэфонам. Калачынскі. // у знач. наз. прэмія́льныя, ‑ых. Грошы, якія выплачваюцца ў якасці прэміі. Бухгалтэрыя калгаса імя Дзяржынскага выдала Гецольдам адных прэміяльных трыццаць тысяч рублёў і дзвесце кілаграмаў цукру! Карпюк.
прэнт, ‑а, М ‑нце, м.
Металічны прут. [Брамка] была з тоўстых жалезных прэнтаў, а клямка — медная. Карпюк. [Матросы] зачапілі за краты, але ледзь клетка кранулася — некалькі прэнтаў выламалася. Маўр.
прэ́нцік, ‑а, м.
Памянш. да прэнт; маленькі прэнт. Майстар зноў палез у кішэню і выняў адтуль маленькі жалезны круглячок таўшчынёю з яго мезены палец і сантыметраў чатыры ў даўжыню. — Вось табе звычайны прэнцік... А з яго, мяркуем, трэба нам зрабіць утулку. Кулакоўскі.
прэпазіцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў прэпазіцыі. Прэпазіцыйныя азначэнні. Прэпазіцыйныя часціцы.
прэпазі́цыя, ‑і, ж.
Становішча слова або сказа перад іншым словам або сказам, звязаным з ім.
[Ад лац. praepositio — пастаноўка ўперадзе.]
прэпарава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прэпараваць.
прэпарава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прэпараваць.