Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыбі́тасць, ‑і, ж.

Стан, уласцівасць прыбітага (у 2 знач.).

прыбі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыбіць.

2. у знач. прым. Прыніжаны, запалоханы, даведзены да атупення. Не падымаючы вачэй, з апушчанай галавой рушыў Саўка з лесу.. Ён быў дужа стомлены, атупелы, безуважны, прыбіты. Колас.

прыбі́ўка, ‑і, ДМ ‑біўцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. прыбіваць — прыбіць (у 1 знач.).

прыбіўны́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Такі, які прыбіваюць. Прыбіўная паліца. Прыбіўная падкоўка.

прыбі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. Прымацавацца да чаго‑н. шляхам прыбівання цвікамі.

2. Прыгнуцца, прыціснуцца да зямлі (ветрам, дажджом і пад.). Пастрашыць, пырсне [дождж] раз ці два, Што не здаволіцца трава, Што не прыб’ецца нават пыл. Лужанін.

3. Плывучы, прыстаць, наблізіцца да чаго‑н., спыніцца каля чаго‑н. Мы прыбіліся к берагу, і лодка пайшла шпарчэй. Масарэнка. // Разм. Доўга ідучы, блукаючы, дабрацца, прыйсці куды‑н. — [Алёшка] уцёк і адзін начаваў у лесе: заблудзіўся, і не мог вярнуцца назад. Раніцай прыбіўся да лесніка. Якімовіч. У эшалонах ехалі і так, .. як жабракі, па людзях карміліся, каб хаця як назад прыбіцца. Галавач.

4. перан. Далучыцца, прыстаць да каго‑, чаго‑н. Полк ноччу знаўся, і яны прыбіліся да вайсковай часці. Навуменка. Праз некалькі дзён я прыбіўся да невялікай групы такіх жа, як сам, уцекачоў. Сачанка. У вайну прыбіўся ў нашу глухую тады вёску нейкі акружэнец з Волагды. Кулакоўскі. Прыбіўся [Іван Крот] да іх у атрад аднекуль з Хартыніцкіх хутароў. Місько.

5. Разм. Пабіцца; ударыцца. [Цясляр:] — Наша дзіця прыбілася, а яны тут пра нейкае чужое дабро. Чорны.

6. Абл. Падбіцца, натаміцца. За тыдзень баёў і беганіны ў лясах людзі надта прыбіліся, .., з’явіліся параненыя, траіх няслі з сабой на насілках. Быкаў.

•••

Прыбіцца да берага — тое, што і прыстаць да берага (гл. прыстаць).

прыбі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. прыбі; зак.

1. што. Прымацаваць цвікамі што‑н. Трактарыст і калгасны музыка Данік Краўчук мерыўся прыбіць шчыток, трымаючы напагатове ва ўзнятых руках цвікі і сякеру. Дуброўскі. [Дарафей] сам зрабіў шпакоўаю і сам прыбіў яе на грушы. Даніленка.

2. што. Прыціснуць, прыгнуць да зямлі (ветрам, дажджом, градам і пад.). Кроплі [дажджу] весела сыпаліся на твар, на машыну, прыбілі пыл. Мележ. Ігліцу ў лесе дождж прыбіў. Нядзведскі.

3. каго-што. Прыгнаць, прынесці да якога‑н. месца (сілай вады і ветру). [Міхалу Сцяпанавіч у] часам здавалася, што Генадзь нечым падобны на той плывучы прадмет, які вялікая вада гушкае на хвалях, пакуль не прыб’е да берага. Сабаленка. / у безас. ужыв. Яшчэ днём я заўважыў, што за згібам ракі да берага прыбіла бервяно. Корбан. [Васіль:] — Давайце пойдзем паўз бераг, можа дзе яго [човен] прыбіла на завароце. Скрыпка.

4. каго. Разм. Пабіць; ударыць. Юрка заўважыў, што ідуць вартаўнікі, ускочыў на каня і паімчаўся, а яго таварыша вартаўнікі злавілі і прыбілі да паўсмерці. Кулакоўскі. // Забіць. Толяк змагаўся з жаданнем прыбіць тут жа на месцы ненавіднага чалавека. Чорны.

5. перан.; каго. Пазбавіць сілы, волі; вельмі моцна ўздзейнічаць. Толькі гора, вялікая сацыяльная несправядлівасць прыбіла.. [Лявона], зрабіла ўчарнелым, як зямля. «ЛіМ».

прыблі́жанасць 1, ‑і, ж.

Стан прыбліжанага ​1.

прыблі́жанасць 2, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць прыбліжанага ​2. Прыбліжанасць вылічэння.

прыблі́жаны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыблізіць.

2. у знач. прым. Які ўваходзіць у лік блізкіх да якой‑н. асобы (звычайна высокапастаўленай) людзей, карыстаецца яе даверам. Прыбліжаныя асобы. / у знач. наз. прыблі́жаны, ‑ага, м.; прыблі́жаная, ‑ай, ж. «Хто ж з тых, хто тут прысутнічае, ведае пра яе працу ў Старым Стане?.. — думала Зіна. — Усяго некалькі чалавек, прыбліжаных Языковіча». Кавалёў.

прыблі́жаны 2, ‑ая, ‑ае.

Спец. Не зусім дакладны, прыблізны. Прыбліжанае рашэнне. Прыбліжаныя вылічэнні. Прыбліжанае значэнне дробу.

прыбліжа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыблізіцца.

2. Зал. да прыбліжаць.

прыбліжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыблізіць.