Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ніза́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нізаць.

ні́засць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нізкага (у 4 знач.). [Туляга:] Я такі баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці. Крапіва.

2. Нізкі ўчынак.

ніза́цца, ніжацца; незак.

1. Набірацца, насаджвацца падрад на нітку, дрот і пад.

2. перан. Лёгка і свабодна падбірацца, спалучацца (пра думкі, словы і пад.). Машына скакала, гойдалася на калдобінах так, што часам у вачах цямнела, але думкі ўсё нізаліся адна на другую, адна святлей другой. Новікаў.

3. Зал. да нізаць.

ніза́ць, ніжу, ніжаш, ніжа; незак., што.

1. Набіраць, насаджваць падрад на нітку, дрот і пад. Нізаць сушаныя грыбы. □ Дзядзька пакінуў нізаць тытунь, глянуў у акно. С. Александровіч.

2. перан. Лёгка падбіраць, спалучаць адно з другім (пра словы, рыфмы і пад.). Ніжа без перадыху Сцяшынская слова на слова. Б. Стральцоў.

3. перан. Пранізваць, працінаць наскрозь. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак. Мележ.

нізашто́, прысл.

1. Ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах. [У хаце] было свежа і чыста, як у лесе пасля дажджу. «Цяпер хоць сам не заходзь, каб не набрудзіць, — падумаў Шурка. — Паслязаўтра мама вернецца з бальніцы, а тут поўны парадак.. Хаця, праўда, адзін я нізашто не ўправіўся б». Шыловіч.

2. Дарма, без прычыны. Стары кальнуў .. [Ганну] злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла. Мележ.

нізва́ння, прысл.

Разм. Ніколькі. Спаць не хацелася нізвання. Гартны. Віны за мной няма нізвання. Ліхадзіеўскі.

ні́зенечкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі нізкі.

ні́зенькі, ‑ая, ‑ае.

Памянш.-ласк. да нізкі (у 1 знач.). Нізенькі яловец Чэзне, бы ў няволі. Колас.

нізі́на, ‑ы, ж.

1. Нізкае месца. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Маўр. Я бачу, як адным сваім краем сяло ўдаецца ў жыты. Другі канец яго ападае ў нізіну. Скрыган.

2. Раўніна, якая знаходзіцца не вышэй 200 м над узроўнем мора. Дождж грымеў над неабсяжнымі прасторамі дрыгвяной калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Палеская нізіна — рэзервуар вільгаці для ўсёй Беларусі. В. Вольскі.

нізі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да нізіна.