Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зляце́цца, ‑ціцца; ‑цімся, ‑ціцеся; зак.

Прыляцець у адно месца з розных бакоў (пра ўсіх, многіх). І матылькі зляцеліся, Чырвоныя, У крапінку. Астрэйка. // перан. Разм. Сабрацца разам адусюль (пра ўсіх, многіх). Сябры зляцеліся адразу Да дрэў альховага ляска. Калачынскі.

зляце́ць, злячу, зляціш, зляціць; зак.

1. Летучы, спусціцца куды‑н. Верабей зляцеў з вішні на плот.

2. Узляцеўшы, пакінуць якое‑н. месца; вылецець куды‑н. далёка. Навокала, безлюдзь, нідзе ні душы, І птушкі зляцелі. Колас. // перан. Знікнуць, прапасці. І прайшло. Зляцела змора. Ачуняў наш вельмі хворы. Броўка. Зляцела жвавасць і з Ёсіпа, ён аціх і ўнурыўся носам у расхрыстаны каўнер паддзёўкі. Дуброўскі.

3. Разм. Хутка збегчы, саскочыць, спусціцца адкуль‑н. Дзеці, убачыўшы бацьку, зляцелі з воза так, нібы іх адтуль здзьмула ветрам, і павіслі на яго шыі. Чарнышэвіч. Наталля кінулася ў дзверы, адным махам зляцела па лесвіцы ўніз, і праз момант ужо чуваць было, як яна з некім сварылася. Скрыган.

4. Не ўтрымаўшыся дзе‑н., на чым‑н., зваліцца ўніз. Мачулін.. зачапіўся галавой зараму дзверцаў, капялюш яго зляцеў і пакаціўся па дарозе. Дуброўскі. З клёна зляцеў ліст, прыліп да шыбы. Шамякін. // Саскочыць, ссунуцца з пэўнага месца пры руху; паляцець. Цягнік зляцеў пад адхон. // перан. Разм. Страціць месца, пасаду. Незадаволеныя радуюцца: зляціць старшыня. Быкаў. Тодар Дзікавіцкі зляцеў з брыгадзірства. Дуброўскі.

5. перан. (у спалучэнні са словамі «з губ», «з языка» і пад.). Быць нечакана выказаным; сарвацца. З таго часу, як першая прыказка зляцела з вуснаў чалавека, яна, як і кожная ідэйна-мастацкая з’ява, прайшла пэўны шлях развіцця. Шкраба.

змабілізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак.

Разм. Тое, што і мабілізавацца. — Таварышы, не здадзімся, не схібім перад чорнай навалай. Змабілізуемся, будзем адзінымі ў барацьбе за свае рабочыя правы. Сабаленка.

змабілізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і мабілізаваць. — Як вы трапілі ў Чырвоную Армію за камандзіра? — Змабілізавалі. Чорны.

змага́нец, ‑нца, м.

Тое, што і змагар. Усе знішчала перашкоды Змаганцаў дужая сям’я — Сыноў савецкага народа Твой гонар — Партыя мая! Хведаровіч.

змага́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. змагацца.

змага́р, ‑а, м.

Той, хто змагаецца з кім‑н. за што‑н.; барацьбіт. Змагар за справядлівасць. Змагар за мір.

змага́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да змагар.

змага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. з кім. Біцца, ваяваць са зброяй у руках. — Я прыйшла сюды не для таго, каб ратавацца ад смерці. Я прыйшла змагацца, помсціць ворагу, а не берагчы сябе для мужа. Шамякін. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. // Спаборнічаць у чым‑н. [Сухавараў] лічыў сябе вельмі цікавым кавалерам, з якім такому настаўніку змагацца ніякім чынам немагчыма. Колас. // перан. Уступаць у сутыкненне (пра пачуцці, імкненні і пад.). Толя маўчаў, і ў душы яго змагаліся тры пачуцці: прыкрая злосць на старога .., нейкі сорам і боязь, што .. ён, дзед партызанскі, бачыць і ведае ўсё. Брыль.

2. з чым, супраць чаго. Супраціўляцца чаму‑н., імкнуцца перамагчы або знішчыць што‑н. Змагацца супраць вайны. □ — Яшчэ пяць хвілін я паляжу, і тады буду будзіць Скабакова, — думаю я і змагаюся з цяжкай дрымотай. Чорны.

3. за што. Адстойваць, абараняць што‑н., дамагацца чаго‑н. Змагацца за мір. Змагацца за тэхнічны прагрэс. □ [Фёдар Мікалаевіч:] Вадзіцелі з экскаватаршчыкамі змагаюцца за перавыкананне тэхнічных норм. Крапіва.

змага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Перамагаць (звычайна ў барацьбе). Родная зямелька Ворагаў змагала... Цяпер волі зорка Над ёй [заззяла]. Чарот.